Як выпускнік менскай школы КДБ без адзінага стрэлу ідзе да ўлады ў Абхазіі


https://youtu.be/Xp_EWNqa4N8
Палітычны крызіс выбухнуў у падкантрольнай Расеі Абхазіі. Прыхільнікі апазіцыі патрабуюць адстаўкі кіраўніка непрызнанай рэспублікі Аляксандра Анкваба. Апаненты ўладаў захапілі будынак адміністрацыі прэзідэнта. Той збег на расейскую вайсковую базу, дзе сёння правёў паседжанне Савету бяспекі.

Крызіс у самаабвешчанай рэспубліцы стаў найбольш заўважны напярэдадні увечары, калі апазіцыя зладзіла ўсенародны сход у сталіцы. Некалькі тысяч маніфестантаў – для маленькай Абхазіі гэта шмат. Дэманстранты патрабавалі рэформаў ды адстаўкі ўраду і прэзідэнта. Каб знізіць градус пратэсту, прэзідэнт Аляксандр Анкваб прыняў дэлегацыю апазіцыі.

{movie}Паводле крымскага сцэнару — што адбываецца ў Абхазіі? |right|16708{/movie}

АЛЯКСАНДР АНКВАБ, ПРЭЗІДЭНТ АБХАЗІІ:
“Былі катэгарычныя патрабаванні, што мне трэба сысці ў адстаўку. Потым вярнуліся да пытанняў аб тым, што, магчыма, у адстаўку трэба сысці ўсяму кабінету міністраў”.

Анкваб пагадзіўся адправіць у адстаўку ўрад, генпракурора і кіраўнікоў раёнаў, але сам сысці адмовіўся. Калі дамовіцца не выйшла, пратэстоўцы пайшлі на штурм рэзідэнцыі, хоць перад сходам абяцалі ні ў якім разе гэтага не рабіць. Прэзідэнт уцёк на расейскую базу ў свой родны Гудаут, дзе сёння прыняў памочніка Пуціна Уладзіслава Суркова, які тэрмінова прыбыў у Абхазію.

Аляксандр Анкваб, былы міністр унутраных справаў, перамог у прэзідэнцкіх выбарах пад лозунгамі барацьбы з карупцыяй. Апазіцыя абвінавачвае яго якраз у карупцыйнасці ды няправільным размеркаванні датацыйных грошай з Расеі. Паводле экс-прэм’ера Раўля Хаджымбы, прэзідэнт усё вырашаў сам.

РАЎЛЬ ХАДЖЫМБА, АПАЗІЦЫЙНЫ ЛІДАР:
“Усе функцыі, якія ён на сябе ўсклаў, прывялі да таго, што нашая дзяржава фактычна стала аўтарытарным рэжымам”.

Яшчэ адно абвінавачанне – выдаванне абхазскіх пашпартоў грузінам. Хоць паводле законаў непрызнанай рэспублікі, абхазскае грамадзянства можна спалучаць толькі з расейскім. Апазіцыя заяўляе, што ўзяла пад свой кантроль тэлебачанне, дзяржаўны квартал і ўвогуле кіраванне рэспублікаю.

РАЎЛЬ ХАДЖЫМБА, АПАЗІЦЫЙНЫ ЛІДАР:
“Ніхто з ліку тых, хто сёння яшчэ называў сябе кіраўнікамі краіны, не мае маральнага права перайсці парогі гэтых будынкаў”.

Выпускнік менскай школы КДБ, экс-прэм’ер, экс-віцэ-прэзідэнт і былы кіраўнік дзяржаўнай бяспекі Абхазіі Раўль Хаджымба, што ачольвае пратэст, раней супрацьстаяў Анквабу на прэзідэнцкіх выбарах. Тады Хаджымбу падтрымаў Уладзімір Пуцін, а пасля паразы свайго кандыдата Расея нават забараніла ў сябе абхазскія мандарыны. Цяпер каманда Хаджымбы ўзяла рэванш – без адзінага стрэлу.

АЛЯКСАНДР АНКВАБ, ПРЭЗІДЭНТ АБХАЗІІ:
“Юрыдычна гэта, вядома, спроба сілавога захопу ўлады ўзброеным шляхам”.

Жывы і легітымны прэзідэнт Абхазіі, аднак, не выключае магчымасці вярнуцца за стол перамоваў з апазіцыяй, ды заклікае палітычных апанентаў вярнуцца да канстытуцыйных метадаў барацьбы за ўладу. А за сталом перамоваў ужо чакаюць пасярэднікі з Масквы.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары