Што такое «мацярдушка» і «вятружнік»? Настольная гульня «Разам!» патлумачыць


Першы наклад беларускамоўнай гульні «Разам!» невялікі — усяго 100 асобнікаў. Дзякуючы ёй, у кампаніі сяброў можна весела бавіць час па-беларуску, сцвярджаюць аўтары.



{movie}«Разам» па-беларуску (28.05.2014) |right|16707{/movie}

Гульня пабудаваная на камунікацыі паміж людзьмі ды папулярным сярод моладзі загадванні і адгадванні словаў. У «Разам!» гуляюць камандамі, у кожнай – ад 2 асобаў. Сэнс гульні ў тым, каб патлумачыць чальцам сваёй каманды як мага болей словаў з картак за 1 хвіліну (не называючы самі словы, а з дапамогаю сінонімаў, апісанняў і гэтак далей). Чым болей словаў вы змаглі растлумачыць – тым хутчэй фішка вашай каманды дасягне фінішу і вы пераможаце!

{movie}Беларусы пра беларускую мову і настольную гульню “Разам!”|right|16693{/movie}

У «Разам!» могуць гуляць як людзі, якія толькі пачынаюць асвойваць беларускую мову, гэтак і тыя, хто карыстаецца моваю ў штодзённым жыцці. Для гэтага калоды картак разбітыя на складаны і просты ўзроўні: пачаткоўцы могуць гуляць толькі простымі калодамі, а тыя, хто добра ведае беларускую мову, маюць магчымасць карыстацца адразу ўсімі калодамі – і простымі, і складанымі.

У настолцы – больш за 1 тыс. 900 беларускіх словаў і назваў, а таксама больш за 200 прозвішчаў выбітных асобаў нашай зямлі. Разам з распаўсюджанымі словамі накшталт «дэнамінацыя», «жыхар», «хакей», «Вільня», «новабудоўля» прысутныя ў гульні і рэдкія беларускія словы «мацярдушка», «вятружнік», «філіжанка», «поўня», «роспач» ды іншыя.

«Разам!» – гэта добры інструмент для павышэння ўзроўню валодання беларускаю моваю, падаюць аўтары. Паводле іх, у працэсе гульні, па-першае, пашыраецца слоўнікавы запас, па-другое, дзякуючы «Разам!», гульцы вучацца падбіраць сінонімы і тлумачыць з’явы ды паняцці выключна з дапамогаю беларускай мовы.

«Паспрабуйце згуляць у «Разам! » – і хутка вы адчуеце, як гаварыць па-беларуску стала лёгка і прыемна!», – заахвочваюць аўтары.

«Разам!» – стала чарговаю гульнёю на беларускай мове. Год таму была прэзентаваная першая настольная гульня на беларускай мове «Паўстанцы».

Месцы, дзе прадаецца гульня «Разам!», указаныя тут.



МЯ, belsat.eu, паводле razam.ziolki.by

Стужка навінаў