Аляксандр Алесін: украінскім вайскоўцам трэба змяніць тактыку


Як трэба ваяваць у Данецку, у «Гарачым каментары» распавядае вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Паводле эксперта, авіяцыя і бранятанкавая тэхніка, якія выкарыстоўвае ў Данецку ўкраінскае войска, – неэфектыўныя супраць малых групаў, да таго ж павялічваюць колькасць ахвяраў сярод мірных жыхароў. Аляксандр Алесін мяркуе, што тут патрэбнае «хірургічнае» ўмяшанне: дзеянні штурмавымі групамі, як гэта рабілі савецкія войскі ў Сталінградзе і амерыканскія – у Афганістане. Тут трэба задзеяць спецназаўцаў, дадае суразмоўца. Інакш антытэрарыстычная аперацыя можа сапсаваць імідж новым украінскім уладам.

{movie}Аляксандр Алесін у “Гарачым каментары”|right|16674{/movie}

Паводле госця праграмы, ува Украіне ёсць добрыя вайсковыя адмыслоўцы, але іх няшмат. Большасці вайскоўцаў, асабліва жаўнерам, не стае досведу. «Амерыканцы нават будавалі адмысловыя вёскі на палігонах, каб іхныя жаўнеры перад адпраўкаю ў Ірак, у Афганістан да ідэалу асвоілі тактыку баявых дзеянняў у паселішчах», – тлумачыць спадар Алесін.

Тактыка ж тэрарыстаў, паводле суразмоўцы, нагадвае дзеянні чачэнцаў у Грозным, калі вядуць бой, не звяртаючы ўвагі на наяўнасць мірнага насельніцтва: «Я б параўнаў сітуацыю з дзеяннямі расейскіх войскаў у Грозным».

Паводле вайсковага аглядальніка, каб не выдаткоўваць сілаў, украінскія вайскоўцы спачатку зачысцяць Данецк, а потым пяройдуць на драбнейшыя паселішчы. Але з вялікіх гарадоў, як Данецк, надзвычай цяжка «выкурыць» дробныя дыверсійныя групы, таму дзеянні могуць працягвацца вельмі доўга – да некалькіх месяцаў і нават паўгода, папярэджвае адмысловец. Сітуацыю ўскладняе і тое, што на баку сепаратыстаў можа аказацца яшчэ больш прафесійных ваяроў, напрыклад, з распушчанага ўкраінскімі ўладамі «Беркута» або з былых вайскоўцаў, не задаволеных службаю, якія самі звольніліся.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў