Беларусь–Украіна: разам да свабоды ці дыктатуры?


Афіцыйны Кіеў заклікаў сваіх міжнародных партнёраў падтрымаць дэмакратычныя рэформы ва Украіне, а новаабраны прэзідэнт запрапанаваў Беларусі супрацоўніцтва ў развіцці дэмакратыі. Але Аляксандр Лукашэнка не спяшаецца не толькі праводзіць змены палітычнага курсу, але і нават павіншаваць Пятра Парашэнку з перамогай.


{movie}Беларусь–Украіна: разам да свабоды ці дыктатуры? (27.05.14) |right|16677{/movie}

На беларуска-ўкраінскай мяжы абстаноўка стабільная, але ў сувязі з апошнімі падзеямі ахову ўзмацнілі. З беларускага боку дадаткова разгорнутыя некалькі заставаў і памежных пастоў, памежнікі ўжываюць авіяцыю і дадатковыя тэхнічныя сродкі. І ўсё гэта – нібыта сіламі выключна памежнікаў.

ЛЕАНІД МАЛЬЦАЎ, ДЗЯРЖАЎНЫ ПАМЕЖНЫ КАМІТЭТ:
“Ніякіх танкаў, бронетранспарцёраў на мяжы ніколі не было. Гэта ўсё выдумкі. Можа, каму прыснілася”.

З украінскага боку, аднак, працягваюць рыхтавацца і да магчымага ўварвання расейскіх войскаў з нашае зямлі. Паводле ўкраінскай групы “Інфармацыйны супраціў”, што адсочвае звесткі рознага ўзроўню сакрэтнасці, на тэрыторыі Беларусі Расея трымае прыблізна 3 тысячы вайскоўцаў, 200 адзінак бронетэхнікі, 40 артылерыйскіх сістэмаў і 60 самалётаў і верталётаў, гатовых да бою. У Менску гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, але і не зняпраўджваюць. Афіцыйна ў Беларусі ідзе іншая кампанія – бітва за ўраджай.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Усіх перавесці на ваеннае становішча да ўборкі. Асабліва хлябоў. Згубім – не возьмем”.

Але ідзе і змаганне палітычнае… Аляксандр Лукашэнка, з аднаго боку, насуперак Маскве прызнаваў легітымнасць яшчэ часовага прэзідэнта Украіны Аляксандра Турчынава, а з іншага, прадаставіў беларускія авіябазы для расейскай ударнай авіяцыі. Цяпер жа праз Міністэрства замежных справаў Беларусь выказала павагу да выбару ўкраінскіх грамадзянаў ды пажадала Кіеву хутчэй стаць на шлях стабільнасці і пабудовы… вертыкалі ўлады. А вось рыторыка толькі што абранага прэзідэнта Украіны – зусім іншая: Пятро Парашэнка заклікаў Лукашэнку да супольнага руху ў бок Еўропы, што палітычна азначае пашырэнне правоў і свабодаў у грамадстве.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, АБРАНЫ ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
“Беларусь мусіць скарыстацца ўсімі перавагамі “Усходняга партнёрства”, якія Еўразвяз ёй прапаноўвае. Гэта цэлы шэраг праграмаў, што суправаджаюць “Усходняе партнёрства” і не супярэчаць вонкавапалітычнай пазіцыі Аляксандра Рыгоравіча”.

Парашэнка, што даўно асабіста знаёмы з Лукашэнкам, гатовы сваім прыкладам пераканаць яго, што трэба імкнуцца да сапраўднай перамогі на выбарах і, паслядоўна, падтрымання ўсяго свету. А як апошнім часам праходзяць выбары ў Беларусі, ва Украіне добра ведаюць.

Кіраўніца самага папулярнага апазіцыйнага парталу “Хартыя’97” Наталля Радзіна сустракалася з Пятром Парашэнкам некалькі разоў і мяркуе, што той – сапраўдны дэмакрат і праеўрапеец. Але падчас крызісу Кіеў можа зрабіць памылку на карысць эканоміцы, заплюшчыўшы вочы на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

НАТАЛЛЯ РАДЗІНА, РЭДАКТАРКА «ХАРТЫІ’97»:
“Тут будуць вялікія страты маральныя ў новай Украіны, калі яна будзе працягваць сёння палітычныя адносіны з Лукашэнкам. То бок будуць паўтарацца тыя самыя памылкі Віктара Юшчанкі, каторыя ён зрабіў у 2005 годзе, калі пасля Памаранчавай рэвалюцыі найперш заявіў, што будзе адвакатам Лукашэнкі ў Еўропе”.

Падчас расейска-грузінскай вайны 2008 года Лукашэнка не падтрымаў Крамля, не толькі не прызнаўшы Абхазію і Паўднёвую Асецію, але і не закрыўшы авіязлучэнне з Тбілісі.

Ці зможа сёння Беларусь праводзіць незалежную ад Расеі палітыку ва Украіне? Ад гэтага залежыць, між іншым, і дастаткова вялікі таваразварот між нашымі краінамі.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў