Кібальчыч: аўдыторыя маіх курсаў – расейскамоўныя гіпстэры ды інтэлігенты


Курсы «Мова ці кава», якія ўскалыхнулі беларускамоўнае поле, сыходзяць на вакацыі. У гэтым – ужо трэцім – сваім сезоне курсы перажылі некалькі скандалаў. Пачынаючы ад падзелу на два раўназначныя праекты і сканчаючы спрэчкамі вакол постаці арганізатаркі курсаў – журналісткі расейскага Першага каналу і аўтаркі прарасейскіх матэрыялаў пра Украіну Кацярыны Кібальчыч. Учора ў Менску ладзілі выпускны курсаў «Мова ці кава».

Вынікі працы за 5 месяцаў падводзілі ў менскім бары «Хуліган». Сёння арганізатары без складанасцяў акрэсліваюць сваю мэтавую аўдыторыю. «Расейскамоўныя гіпстэры ды расейскамоўная інтэлігенцыя, якая цягнецца да вывучэння беларускай мовы, – кажа Кацярына Кібальчыч. – Для іх мы працуем. Калі я пачынала з маёй папярэдняю камандаю, мы не ведалі яшчэ, што, навошта, для каго робім».

Пачаўся апошні ў сезоне занятак па-працоўнаму: наведнікі курсаў напісалі кантрольны тэст. Тыя, чые веды аказаліся найбольш глыбокімі, атрымалі футболкі з конкурснымі лагатыпамі. Дарэчы, у самім конкурсе лагатыпаў перамаглі адразу два ўдзельнікі, вынік іх працы адразу ж можна было прымераць на сябе. Таксама ўдзельнікам паказалі слайды з найлепшымі момантамі сезону.

Кібальчыч падсумоўвае: «У нас з’явіліся паслядоўнікі. Вы ж ведаеце, нядаўна адкрыліся курсы «Моваведа». Мяне гэта вельмі цешыць. Падобныя курсы з’яўляюцца ў рэгіёнах, нам пішуць валанцёры. Гэта набыло распаўсюд, што мяне радуе, бо я сама не змагла б займацца такім маштабным нацыянальным праектам, а ён тут сам робіцца».

На апошнім у сезоне занятку наведнікі курсаў Павел і Вольга Берасневы прэзентавалі новую настольную гульню «Разам». Улетку «Мова ці кава» будзе рыхтавацца да верасня і правядзе кастынг новых вядоўцаў.

Іншыя тэмы: У пабе «Графіці» Павел Гарадніцкі і Таццяна Арцімовіч паказалі спектакль «Гаспадар кавярні» паводле п’есы Паўла Пражка. Актывісты «Нашай альтэрнатывы» і «Талакі» правялі суботнік каля царквы ў вёсцы Чарацянка пад Гомлем, каб звярнуць увагу на катастрафічны стан будынку. Электронны праект «Iver» разам з гуртом «Martin S.» паказалі відэа на супольную кампазіцыю «Пампея».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў