Час еўраскептыкаў


Пакуль на Ўкраіне, ды і ў ейных краінах-суседзях, жывуць сваёй выбарчай ліхаманкай, у Еўропы яна — свая. З 22 па 25 траўня ў 28 краінах Еўразвязу прайшлі выбары ў Еўрапейскі парламент. Іхныя вынікі не ўнеслі значных зменаў ў расклад палітычных сілаў ў галоўным заканадаўчым воргане Еўропы, але яскрава прадэманстравалі пэўныя новыя тэндэнцыі ў настроях еўрапейцаў.

{movie}Час еўраскептыкаў |right|16672{/movie}
Выбары ў Еўрапейскі парламент, як і чакалася, рэвалюцыі ў Еўропе не зрабілі. Але, як адзначаюць назіральнікі, баланс сілаў паміж асноўнымі палітычнымі групамі ў еўрапарламенце ўсё ж змяніўся. І хоць самай папулярнай зараз ў многіх краінах-сябрах Еўразвязу Еўрапейскай народнай партыі удалося захаваць большасць парламенцкіх крэслаў, аднак яе пазіцыі прыкметна аслабелі.

Ужо можна з упэўненасцю сказаць аб скарачэнні колькасці ўсіх асноўных фракцый Еўрапарламента і з’яўленні ў ім досыць значнага прадстаўніцтва новых партыяў, у першую чаргу радыкалаў і папулістаў, колькасць дэпутатаў ад якіх можа па розных ацэнках дасягнуць 10% ад усяго складу Еўрапарламента.
Варта адзначыць, што ў многіх краінах-сябрах Еўразвязу выбары ў Еўрапарламент былі сумешчаныя з выбарамі ў нацыянальныя парламенты і ўрады.

У Бельгіі, напрыклад, ў нядзелю адбыліся адначасова і выбары ў нацыянальны парламент, а таксама фламандскі і валонскі парламенты. Такое сумяшчэнне, як лічаць скептыкі, робіцца з тым, каб прыцягнуць выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі, бо еўравыбары традыцыйна лічацца найменьш папулярнымі. Нягледзячы а ўсе “хітрыкі” сёлета ў выбарах у Еўрапаламент, напрыклад, прынялі ўдзел па ўсёй Еўропе толькі 43 % выбаршчыкаў. Рэкордна нізкая лічба! Максімальны ўдзел — 90% — адзначаны ў Бельгіі і Люксембургу, бо тут выбары — абавязковыя, мінімальны — 13 % – у Славаччыне. А як ставяцца да еўрапейскіх выбараў, што чакаюць ад іх жыхары Брусэля?

ЖЫХАРЫ БРУСЕЛЮ:

“Гэта вельмі важна – браць удзел у еўрапейскіх выбарах, бо гэтым разам мы выбіралі будучага прэзідэнта Еўрапейскае Камісіі. Нам трэба ўсё больш Еўропы. Магчыма, іншай Еўропы, але нам трэба больш Еўропы. Нельга вяртацца да нацыянальнага ўзроўню ў нашым глабальным свеце”.

“Я ня браў удзелу, бо я грамадзянін Партугаліі ды проста забыў зарэгістравацца. Мне трэба было зарэгістравацца… Вельмі шкада, я забыў… Але я не забуду пра гэта праз пяць гадоў”.

“Еўрапейскія выбары ёсць экстрэмальна важнымі, але іхныя вынікі катастрафічныя. З прычыны ўздыму папулістаў і ультраправых шмат у якіх еўрапейскіх краінах. Гэта вельмі сур’ёзная праблема для Еўропы. І мы спадзяемся на належную рэакцыю на гэта з боку Рады Еўропы, Еўракамісіі ды Рады Еўрапейскага Звязу”.

Што тычыцца партыйнага складу Еўрапарламента, то лідэрства ў ім захавала Еўрапейская народная партыя, атрымаўшы 212 з 751 мандатаў. Адзначым, што летась іх было 274. Партыі, якія выступаюць супраць ЕЗ, найлепшых вынікаў дамагліся ў Велікабрытаніі, Францыі і Даніі, дзе яны занялі першыя месцы ў партыйных спісах. Брытанская Партыя незалежнасці Злучанага Каралеўства, напрыклад, атрымала 27,5 % галасоў , абышоўшы вядучыя партыі лейбарыстаў ( 25,4 %) і кансерватараў ( 24%). Поспех , вядома , гістарычны – з 1906 года ў Вялікабрытаніі лейбарысты і торы не саступалі яшчэ ні адной партыі. Усталяваў рэкорд і французскі Нацыянальны фронт. Атрымаўшы 25% галасоў, апярэдзіўшы ўсе астатнія партыі на французскіх выбарах.

Рост папулярнасці партыяў, так званых “еўраскептыкаў”, па выніках выбараў у Еўрапрарламент ды невысокая яўка выбаршчыкаў сведчаць, як лічаць аналітыкі, пра тэндэнцыі росту расчараванняў еўрапейцаў Еўразвязам, і найперш “працэсамі ягонага бясконцага пашырэння”, “спуртам міграцыйных патокаў, асабліва з боку Паўночнай Афрыкі ды Блізкага Ўсходу, а таксама з неразуменнем пераважнай большасцю еўрапейцаў таго, як працуюць структуры Еўразвязу, як у іх прымаюцца рашэнні, і, што самае, галоўнае, ці эфектыўна трацяцца на гэта ўсё грошы падаткаплацельшчыкаў. І гэта зусім не тры капейкі. А значна больш! І таму калі час еўраскептыкаў ў Еўропе пакуль не не настаў, то, як жартуюць дасцінікі, ён ужо на падыходзе.

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусэль

Стужка навінаў