200-гадовая сядзіба ў вёсцы стала звычайным жылым домам


Як жыць у помніку, будынку пачатку 19 ст.?

Мясцовыя жыхары тут не бачаць ніякай рамантыкі.

Сядзіба «Янавічы» уключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Знаходзіцца ў клецкім раёне ў маляўнічым месцы на беразе рачулкі «Лань». У савецкі час у доме жыло 10 семʼяў. Зараз засталося тры пажылыя кабеты. У будынку няма прыбіральні ды вады. Жанчыны кажуць, што з надыходам замаразкаў жыць у сядзібе становіцца невыносна.

«А цяпер вельмі ж ужо цяжка. Засталася без ног, хадзіць не магу. Ужо правым вокам не бачу. І рукі робяцца драўлянымі, халодныя, і ногі пазаходзіліся. Холадна. А кватэра вялікая, высокая. Як раней людзі жылі кругом, было цяплей. А цяпер адна я, дык халодна», – скардзіцца Ірына Папко.

Кожны дзень да жанчыны прыходзіць дачка Людміла, каб пратапіць хату. Але нагрэць дом усё адно не выходзіць.

Дом у добрым стане

Зусім забраць маці жанчына не можа, бо ў самой мала месца. Людміла Рудазуб кажа, што сядзіба хоць і вельмі няўтульная, але ў даволі добрым стане. Метровыя сцены досыць крэпкія, пачалі трэскацца зусім нядаўна.

«Тады як паклалі дах, як прыехалі «Мінск-Крышталь», далі ўказанні напэўна, тут жа калгас прывезлі дровы, панакрывалі, але ўжо пачалі лопацца сцены. Таму што, напэўна, цяжкі дах атрымаўся. А дом даўно ж ужо», – тлумачыць Людміла Рудазуб.

Чыноўнікі прапаноўваюць варыянт

Дом належаць сельскагаспадарчаму філіялу «Туча» прадпрыемства «Мінск-Крышталь». Жанчыны кажуць, што кватэры не прыватызавалі, бо ні ім, ні іх дзецям яны не патрэбныя. Усім тром жанчынам чыноўнікі прапануюць пакоі ў кватэрах з падсяленнем. Але ехаць туды ніводная з іх не пагаджаецца.

«Мне ж хацелася вельмі каб памерці, ды тут у гэтай хаці. Усё добра было б. А гэта, нешта няўдобшчына», – мяркуе Ніна Іванаўна, суседка спадарыні Ірыны.

Вось і дажываюць кабеты свой век ва ўмовах, мала падобных на XXI стагоддзе.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў