Мікалай Аўтуховіч: чаму не сядзяць тыя, хто фальсіфікаваў маю справу?


Адвакат Павал Сапелка наведаў у калоніі свайго падабароннага Мікалая Аўтуховіча. Зняволены прадпрымальнік патрабуе пакараць следчых, якія фальсіфікавалі супраць яго абвінавачванні ў тэрарызме – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Месяц таму Мікалая Аўтуховіча перавялі ў Івацэвіцкую калонію для адбывання пакарання. “Цяпер ён размешчаны ў атрад, уцягваецца ў турэмны побыт, прызвычайваецца, – адзначыў адвакат Павал Сапелка. – Вельмі здзіўляецца, чаму разам з ім у калоніі не сядзяць тыя, хто фальсіфікаваў ягоную справу падчас следства. Ён таксама просіць усіх тых, хто з ім падтрымліваў ліставанне, напісаць яму ў калонію. Бо калі яго вельмі раптоўна забралі на этап з “Валадаркі” ў Івацэвічы, у камеры засталіся адрасы людзей, з якімі ён перапісваўся”.

Мікалай Аўтуховіч утрымліваецца ў Івацэвічах у 5-й калоніі, 13-м атрадзе. Здароўе вязня адвакат ацаніў як нармальнае, але дадаў, што да абяцанага лячэння зубоў, на чым настойваў Аўтуховіч, дагэтуль не дайшло.

Тым часам праваабаронца Алег Воўчак паведаміў, што рэчы Аўтуховіча, якія засталіся ў “Валадарцы”, удалося забраць, іх, магчыма, перашлюць Аўтуховічу. Сябры ўжо адправілі Мікалаю Аўтуховічу ў калонію тэлефонную картку, і аднаго разу ён патэлефанаваў.

Мікалай Аўтуховіч прасіў адваката падрыхтаваць скаргу з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці тых следчых, якія падраблялі доказы ў ягонай крымінальнай справе – паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Нагадаем, падчас разгляду справы Аўтуховіча суд прызнаў абвінавачаных невінаватымі спачатку ў рыхтаванні тэракту, потым у падпале маёмасці міліцыянта і ўрэшце ў арганізацыі ды кіраванні злачыннаю групоўкаю. У выніку Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў і 2 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўванне і транспартаванне пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Уладзіміру Асіпенку ды Аляксандру Ларыну – па тры гады за захоўванне і транспартаванне зброі ды выбуховых рэчываў. Міліцыянт Міхаіл Казлоў атрымаў 2 гады за тое, што нібыта ведаў пра зброю, але з асабістых інтарэсаў не выдаў інфармацыі следству.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары