20 суб’ектыўных фактаў пра Арменію з карцінкамі


Рай для іранскіх мужчынаў, шыкоўныя паліцэйскія аўтамабілі і брат прэзідэнта на мянушку «Сашык 50 %» – пра асаблівасці армянскай «нацыянальнай рыбалкі» распавядае журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса, які нядаўна вярнуўся з падарожжа на Каўказ.

1. «Электрычны Ерэван» – гэта не Майдан

Масавыя сацыяльныя пратэсты, якія скалыхнулі Арменіяй у чэрвені ды ліпені, самі армяне не называюць Майданам. Яны таксама не любяць, калі іншыя так называюць іхны «Электрычны Ерэван». Майданам любыя масавыя выступы народу любяць называць расейскія медыі. Майдан быў у Арменіі ў 2008 годзе. Падчас ліквідацыі пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў невядомыя расстралялі дэманстрантаў. Загінулі мінімум 10 асобаў, у тым ліку двое паліцыянтаў. Сотні былі параненыя. Вінаватыя не панеслі адказнасці да сёння. Майдан яшчэ будзе ў Арменіі.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

2. Сашык 50 %

Мае знаёмыя армяне называюць палітычную сістэму сваёй краіны – алігархічна-крымінальнай. Галоўныя асобы ў гэтай сістэме – кіраўнік дзяржавы Серж Саргсян і ягоны малодшы брат Аляксандр (Сашык). Сашык шмат не бярэ – толькі палову. Спадабаўся яму рэстаран – палову трэба аддаць. Хочаш нешта збудаваць – паловай падзяліся з Сашыкам. Адсюль ягоная мянушка.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

3. Серж Саргсян прэзідэнт не для ўсіх

Як і ў Беларусі, частка апазіцыйна настроеных да ўладаў грамадзянаў Арменіі не называе кіраўніка дзяржавы прэзідэнтам. Хаця з дэмакратыяй у іх не такія вялікія праблемы як у нас. Палітычных вязняў менш, вынікі выбараў прызнаюць за мяжой, супраць армянскіх фірмаў не ўведзеныя санкцыі, чыноўнікаў няма ў «чорных спісах». Сталіцу наведваюць кіраўнікі Еўразвязу.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

4. Чвэрцьстагоддзя без Леніна

Армяне дэмантавалі помнікі Леніну яшчэ ў 1991 годзе. Савецкія назвы вуліцаў у Ерэване засталіся, але ў іх імёны толькі сваіх, мясцовых камуністаў.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

5. «Toyota» на мігалках

У беднай Арменіі хапае грошай на дарагія «Toyota» для паліцыі. Для параўнання ў Латвіі паліцыя карыстаецца «Renault», а ў Літве – «Skoda». У Польшчы самая папулярная мадэль – «Kia». Усе гэтыя дзяржавы багацейшыя, чым Арменія, і ўсе яны закупілі таннейшыя аўтамабілі для паліцыі. Патрульныя машыны заўсёды ездзяць з уключанымі мігалкамі, а калі завывае сірэна сваім пранізлівым голасам, то міжволі здаецца, што што гэта іншапланецяне. Нягледзячы на вялікую колькасць патрулёў на вуліцах у Ерэване, язда па горадзе – гэта экстрэмальны спорт.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

6. Армяне – «бульбашы»

Армяне, як і беларусы, вельмі любяць бульбу. Але армянская бульба іншая. Такой вялікай, як там, я не бачыў нідзе раней. Агулам ежа ў Арменіі добрая. Пасля падзення Савецкага Саюзу краіна, паводле словаў майго армянскага знаёмага, з індустрыяльна-аграрнай стала аграрнай. Адсюль добрая якасць і экалагічная чысціня прадуктаў.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

7. «Лідскі квас» захоплівае Арменію

У Ерэване ёсць дзве крамы з беларускімі прадуктамі. А ў сталіцы непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі фірмовая крама «Мілавіцы». У звычайных супермаркетах самы папулярны беларускі прадукт – «Лідскі квас». Каштуе ён там удвая даражэй чым у нас.

8. Паміж молатам і кавадлам

Арменія мае вельмі складаныя стасункі з суседзямі. Мяжа з Турцыяй зачыненая. Прычына ў непрызнанні Анкарой генацыду армянаў, нератыфікацыі Турцыяй дамовы, паводле якой Арменіі павінны перайсці ўсходнія тэрыторыі Турцыі – так званая «Вільсонаўскай Арменія». З іншага боку – нератыфікацыя Арменія Карскай дамовы, якая зацвярджае існую мяжу.

З Азербайджанам пасля вайны за Нагорны Карабах, ці як яго тут называюць – Арцах, не падпісаная мірная дамова. Адносна добрыя стасункі з Грузіяй і з Іранам. З персамі армяне звязаныя крывёй – абодва народы інда-еўрапейскія.

9. Вусатыя, як Борат, турысты

Найбольшая колькасць турыстаў у Арменіі, акрамя саміх армянаў з дыяспары, – гэта іранцы. Сакрэт просты. У тэакратычным Іране шмат забаронаў, а ў свецкай і хрысціянскай Арменіі можна адарвацца. Іх лёгка пазнаць на вуліцы. Іранцы перамяшчаюцца маленькімі групкамі па 3-5 асобаў. Яны вясёлыя, дзіўнаватыя. Заўсёды сярод іх знойдзецца адзін з вусамі, як у Бората.

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

10. Танна, хутка, небяспечна

Большасць аўтамабіляў у Арменіі ў якасці паліва выкарыстоўваюць прыродны газ. Як вынік, асноўны сродак транспарту ў Ерэване – таксі. Кошт праезду па горадзе 2-3 еўра.

Ёсць і цёмны бок газіфікацыі аўтатранспарту. Падчас запраўкі з машыны ўсе мусяць выйсці. Вельмі частыя выбухі балонаў у сувязі з тым, што большасць заправак не выконвае меры бяспекі. Дарэчы, значная частка газавых заправак належыць Сашыку.

[vc_single_image image=”18″ img_size=”large”]

11. Блакітнае паліва братніх народаў

Газ у Арменіі іранскі ды расейскі. Ён праведзены нават у далёкія горныя вёскі.

12. Аўтамузей пад адкрытым небам

30-40 гадовыя аўтамабілі на дарогах Арменіі – звычайная справа. Праблема не толькі ў беднасці, але і ў тым, што ў сухім клімаце машыны не ржавеюць. Армяне вельмі любяць свае старыя аўты і цюнінгуюць іх як умеюць. Новых, крутых машынаў таксама хапае. Але такой колькасці савецкіх машын я не бачыў з пачатку 90-ых.

[vc_single_image image=”20″ img_size=”large”]

13. Землятрус і жалезная царква

Спітакскі землятрус знішчыў поўнач Арменіі ў 1988 годзе. Краіна не здолела ліквідаваць наступствы трагедыі. Праз 3 гады пасля трагедыі распаўся Савецкі Саюз. Знішчаную прамысловасць не здолелі аднавіць. Пазней адбылася «дзікая» прыватызацыя. У выніку дэфіцыт працоўных месцаў і сотні тысяч гастарбайтараў. Да сёння тысячы людзей жывуць у жахлівых умовах – у вагончыках. У Арменіі папулярная гіпотэза, што землятрус не адбыўся сам па сабе, а прычына ў тэстах савецкай тэктанічнай зброі. У горадзе Спітак, які даў назву землятрусу і быў цалкам знішчаны, на гары на могілках паставілі жалезную царкву – не было іншых матэрыялаў. Потым хацелі яе перабудаваць, але ў выніку пашкадавалі і пакінулі.

[vc_single_image image=”22″ img_size=”large”]

14. Радзіма для шматлікіх, але дом для нямногіх

Рэальная колькасць насельніцтва Арменіі – не 3 мільёны а 2. Рэшта – гастарбайтары. Жанчыны прызвычаіліся гадамі не бачыць спачатку сваіх мужоў а потым сыноў.

15. Ерэван – ружовы горад

Найбольш распаўсюджаным будаўнічым матэрыялам у Арменіі з’яўляецца туф. Гэта рэдкі ў свеце камень вулканічнага паходжання. Найбольшае радовішча ў свеце знаходзіцца ў Арменіі. Туф бывае жоўтага, аранжавага колераў, часам цёмны. Але найпрыгажэйшы – ружовы. У сувязі з гэтым Ерэван часам называюць – ружовым горадам.

[vc_single_image image=”24″ img_size=”large”]

16. Чыстую ваду ніхто не лічыць

Па ўсёй Арменіі на вуліцах працуюць фантанчыкі з пітной вадой. Вада бяжыць увесь час. Карыстаюцца гэтым не толькі людзі, але і сабакі.

[vc_single_image image=”26″ img_size=”large”]

17. Сапраўдныя армяне – рудыя

Сапраўдны старажытны тып армянаў – рудыя ці русыя валасы і светлыя вочы. Армянаў, якія выглядаюць так, засталося вельмі мала. У выніку змяшэння крыві, што адбывалася далёка не заўсёды з уласнай волі, армяне пацямнелі. Светлы тып захаваўся больш у жанчын. Часцей іх можна сустрэць на ўсходзе Арменіі, а часткова на поўначы. Такі тып таксама распаўсюджаны ў Грузіі ды ў Чачэніі. Чачэнцы і армяне выводзяць свае карані з антычнай дзяржавы Урарту. Хаця вядома, што дзяржаўнасць у армянаў існавала і да Урарту. Але гэта іншая тэма.

[vc_single_image image=”28″ img_size=”large”]

18. Армянскія крыжы

Арменія першай у свеце прыняла хрысціянства ў 301 годзе. Гэта ведаюць усе. У выніку ранняга прыняцця новай веры ў Арменіі закансерваваліся цікавыя традыцыі, між іншым аздабленне крыжоў. Яны адрозніваюцца ад нашых, праваслаўных ці каталіцкіх. Крыжы не аскетычныя, як у нас, а наадварот – багата аздобленыя. Ніжняя частка нагадвае старажытны сімвал падаючага сокала, з якога выводзяцца ўкраінскі герб «Трызуб», сімвал дынастыі Рурыкавічаў, і сімвал нашай дынастыі Гедымінавічаў – «Калюмны» ці «Слупы Гедыміна». Гэта не дзіўна. У беларусаў, летувісаў і ва ўкраінцаў з армянамі супольныя карані.

19. Армянскія героі

На рынку «Вернісаж» у Ерэване прадаюць сувеніры і вырабы мясцовых майстроў. Там жа можна набыць і цішоткі з выявамі нацыянальных герояў. Адзін з самых папулярных сярод іх Монтэ Мэлконян – армянін, які нарадзіўся ў Злучаных Штатах, удзельнічаў у тайнай ваенізаванай арганізацыі «ASALA», якая змагалася супраць Турцыі, і прыехаў ваяваць за Карабах, дзе і загінуў. Другі па папулярнасці – Гарэгін Нждэ, вайсковы камандзір Першай Армянскай Рэспублікі, ідэолаг армянскіх нацыяналістаў, які загінуў у 1956 годзе ў савецкай турме. Абодва аточаныя культам сярод моладзевых актывістаў, якія ўдзельнічалі ў сёлетніх пратэстах.

[vc_single_image image=”32″ img_size=”large”]

20. Без танных авіялініяў

У Арменію не лётаюць танныя авіялініі, гэтак званыя лоўкосты. У выніку там вельмі мала турыстаў. Найбліжэйшы аэрапорт куды залятае «Wizzair» – у грузінскім Кутаісі. Гэтая краіна – сапраўдная не адкрытая турыстамі Атлантыда. У гэтым ёсць свае плюсы.

[vc_single_image image=”34″ img_size=”large”]

Сяргей Пеляса спецыяльна для belsat.eu

Стужка навінаў