20 гадоў без Пагоні, мовы і незалежнага парламенту. Як гэта пачыналася


«Мэтаю рэферэндуму 1995 годзе было, фігуральна кажучы, надламаць хрыбетнік нацыі, і Лукашэнка гэтага дасягнуў. Адмоўныя вынікі гэтага рэферэндуму, у пэўных пазіцыях страшныя, я магу паставіць побач толькі Курапаты і Другую Сусветную вайну», – гаворыць госць праграмы «Два на Два», дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Сяргей Навумчык.

Паводле вынікаў рэферэндуму 1995 году, правядзенне якога, зрэшты, было незаконным, у Беларусі скасавалі беларускую мову як адзіную дзяржаўную, герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг перасталі быць афіцыйнымі, а Аляксандр Лукашэнка атрымаў паўнамоцтвы распусціць парламент.

«Лукашэнка быў толькі інструментам палітыкі вынішчэння краіны і народу, які падымаецца і расце пасля 200 гадоў акупацыі. За ім стаяла Лубянка. І поўнасцю сваёй мэты Масква не дасягнула. Беларусь засталася незалежнаю дзяржаваю. А маладое пакаленне, як трава праз асфальт, цягнецца да гісторыі, да мовы насуперак гэтым каткам, што закатваюць асфальт», – кажа Юрась Беленькі, які ў 1995 годзе таксама быў дэпутатам Вярхоўнага Савету.

Палітык таксама патлумачыў, чаму рэферэндум у 1995 годзе быў незаконным. Гэтак, паводле Канстытуцыі і Закону аб рэферэндумах, на такія галасаванні нельга было выносіць пытанні, што звязаныя з моваю і культурай. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка пастанавіў правесці рэферэндум за паўгода да новых выбараў, што таксама было забаронена нормамі дзейнага заканадаўства.

«Лукашэнка ідзе на такія брутальныя, наўпроставыя парушэнні канстытуцыйных нормаў. Здаецца, навошта? Падаецца, нелагічна! Але маскоўскія спецы цудоўна разумелі, што ў гэтай сітуацыі галоўнае: калі ёсць нацыя і нацыянальная ідэя, усё будзе! Краіна адродзіцца, эканоміка, усё астатняе. Калі ж разбурыць асновы існавання нацыі, тады нас можна голымі рукамі браць!» – сцвердзіў Беленькі.

Глядзіце больш у праграме «Два на Два».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў