2 верасня ў Менску адчыніцца выстава прысвечаная беларусам у войску Андэрса


Выстава зʼяўляецца супольным праектам гісторыка Ігара Мельнікава і польскай амбасады ў Менску.

Пасля нападу Нямеччыны на СССР была падпісаная савецка-польская дамова, ў адпаведнасці з якой польскія грамадзяне, якія знаходзіліся ў савецкіх лагерах ды турмах, атрымалі свабоду. Пазней пачалося фармаванне польскай арміі пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса. Нашыя суайчыннікі ў складзе гэтай арміі вызвалялі Еўропу і бралі ўдзел у бітве пад Монтэ-Касіна ды баях у Нармандыі.

На надмагільных плітах пад Монтэ-Касіна спачываюць жаўнеры-андэрсаўцы з Маладзечна, Валожына, Ліды, Пінску, Горадні, Пружанаў, Браслава, Стоўбцаў, Століну, Ашмянаў, Ваўкавыску.

«У айчынных падручніках гаворыцца, што вайна прыйшла ў Беларусь 22 чэрвеня 1941 года. На самой справе першыя нямецкія бомбы ўпалі на Берасце, Пінск і Наваградак 1 верасня 1939 года. Пра гэта мала кажуць. Таксама мала кажуць, што беларусы мужна з першага дня Другой сусветнай вайны змагаліся з нацызмам і мужна прайшлі свой шлях разам з палякамі, габрэямі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў у складзе Войска Польскага і арміі Андэрса», – заўважае гісторык Ігар Мельнікаў.

Выставу прысвечаную нашым суайчыннікам можна паглядзець у музеі Вялікай айчыннай вайны.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары