Юрый Рубцоў трапіў у шпіталь пасля галадоўкі


Грамадскі актывіст Юрый Рубцоў, які вызваліўся сёння з гомельскага ізалятару часовага ўтрымання, шпіталяваны пасля 30 дзён зняволення і галадоўкі.

Як паведаміў юрыст Леанід Судаленка, Рубцова мусілі вызваліць а 4.10, аднак сустрэць яго каля гомельскага ізалятару не ўдалося. “У вызначаны час дзяжурны паведаміў, што Рубцоў ужо вызваліўся, куды яго павезлі – невядома. Не ведалі, дзе іхны муж і бацька, таксама ягоныя жонка і сын, якія сустракалі яго. І толькі пазней сваякі высветлілі, што Рубцова вывезлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі для гутаркі”, – сказаў юрыст.

Калі Рубцова адпусцілі з РАУС, сваякі адвезлі яго ў шпіталь, бо ён дрэнна пачуваўся.

Рубцова затрымалі ў Менску 26 красавіка пасля традыцыйнай акцыі апазіцыі “Чарнобыльскі шлях”. На мітынгу ён насіў футболку з надпісамі “Лукашэнка, сыходзь!” і “Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі”. Суд Савецкага раёну сталіцы прызнаў яго вінаватым у “непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы”, “дробным хуліганстве” і пакараў 25-сутачным арыштам. Футболку ў актывіста канфіскавалі. На знак пратэсту супраць прысуду Рубцоў абвесціў галадоўку.

Увечары 21 траўня, пасля заканчэння тэрміну арышту, Рубцова з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў адвезлі на чыгуначны вакзал Менску і пасадзілі на цягнік да Гомлю, аднак пасля прыезду туды яго зноў затрымалі. Суд Чыгуначнага раёну Гомлю прыгаварыў яго да 5 дзён арышту – нібыта за непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі ды нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Рубцоў зноў абвесціў галадоўку.

Такім чынам, галадоўка пратэсту гомельскага актывіста цягнулася 30 дзён.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў