Бліскучая аперацыя ўкраінскіх сілавікоў: хроніка бою за лётнішча


Украінскія вайскоўцы ў панядзелак, 26 траўня, разбілі сілы тэрарыстаў, што занялі аэрапорт. Сепаратысты паведамляюць пра 30 забітых і 15 параненых. Украінскі бок інфармуе, што сярод сілавікоў ахвяраў няма.

Захоп і перамовы

Баявік на даху аэрапортуБаявік на даху аэрапортуУзброеныя сілы сепаратыстаў былі заўважаныя ў ваколіцах аэрапорту а 3-й гадзіны ночы. Праз некаторы час яны запатрабавалі ад вайскоўцаў, што ахоўваюць лётнішча, пакінуць свае пасты.

А 7-й раніцы сепаратысты ўжо былі на тэрыторыі аэрапорту. Праз небяспеку спыненыя ўсе палёты. Атрады сепаратыстаў налічваюць каля 200 асобаў. Яны добра ўзброеныя – маюць пераносныя зенітныя ўстаноўкі, снайперскія вінтоўкі, аўтаматы, кулямёты, бронекамізэлькі. Баевікі займаюць пазіцыі на дахах будынкаў.

А 13-й гадзіне ўкраінскія вайскоўцы высоўваюць ультыматум: яны патрабуюць, каб баевікі склалі зброю, пакінулі лётнішча і здаліся.

Сілавая аперацыя

Калі баевікі не пагадзіліся, украінскія сілавікі распачалі спецаперацыю. Украінскі штурмавік Су-25 адкрывае папераджальны агонь у бок баевікоў. Тыя ў адказ адстрэльваюцца.

Над лётнішчам з’яўляюцца два знішчальнікі МіГ-29, што пачынаюць прыцэльны абстрэл пазіцыяў баевікоў, і чатыры верталёты Мі-24 з дэсантам.

А 14.40 верталёт агнявога падтрымання знішчае зенітную ўстаноўку на даху аднаго з будынкаў. Дэсант уступае ў бой з сепаратыстамі.

Аперацыя ў ваколіцах аэрапорту

А 15-й гадзіне непадалёк аэрапорту гуртуюцца сепаратысты і мясцовыя жыхары, якія назіраюць за спецаперацыяй.

Сепаратысты побач з аэрапортам, у параўнанні з захопнікамі, узброеныя горш – пераважна толькі аўтаматамі, шмат хто не мае бронекамізэлек. Падобна, што яны дзеюць асобна, без каардынацыі з групаю, якая захапіла лётнішча.

З’яўляюцца паведамленні, што на дапамогу захопнікам прыехалі цяжкавікі з баевікамі. Украінскія верталёты пасля высадкі дэсанту бяруць пад кантроль ваколіцы аб’екту. Яны абстрэльваюць групы баевікоў, тыя пачынаюць разбягацца.

Падчас антытэрарыстычнай аперацыі знішчаныя два КамАЗы. На здымках відаць, што ў кузаве былі баевікі – адзін з цяжкавікоў стаіць літаральна ў лужыне крыві.

А 20-й гадзіне працягваецца перастрэлка побач з будынкам абласнога ваенкамату. Сепаратысты адступаюць маленькімі групамі, спрабуюць схавацца ў дамах мясцовых жыхароў.

А 23.30 сілы антытэрарыстычнай аперацыі заяўляюць, што баі з баевікамі ў Данецку скончаныя. Паводле сілавікоў, забітыя прынамсі 200 узброеных сепаратыстаў, а таксама «добраахвотнікаў» з Расеі. Сярод украінскіх вайскоўцаў забітых няма.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары