Клоуны з сэнсам


У Гомлі адзначылі “Дзень чырвонага носа”. Уладальнікі ж гэтых насоў – добрыя клоуны, валанцёры дабрачыннага грамадскага аб’яднання. Арганізаваны імі штогадовы ж фэст адбыўся ў гарадскім парку. А забавы былі не толькі для самых маленькіх, але і для дарослых гамельчукоў. Як і пасыл імпрэзы.

Бальнічныя клоуны “Funny nose” умеюць не толькі смешыць і бавіць. Праз цікавыя гульні, што так падабаюцца дзецям, яны дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчаткам спазнаваць свет і выхоўваюць культуру зносінаў.

{movie}Дзень чырвонага носа (26.05.14) |right|16657{/movie}

ЯГОР, УДЗЕЛЬНІК ФЭСТУ:
“Я скакаў там, набываў балонікі, вось – зрабіў сабе дракона, і яшчэ маме робяць матылька на руцэ, і ўсе гэтыя фішкі я зарабіў”.

Адмысловы фэст “Дзень чырвонага носа” ладзіцца ў Гомлі ўжо пяты год. Для дзяцей і моладзі ў парку на выбар гульнёвыя пляцоўкі, конкурсы і розныя забавы. А таксама фокусы, мыльныя бурбалкі, фігуры з шарыкаў у падарунак кожнаму дзіцяці.

КЛОУН ФЛОНЯ, ВАЛАНЦЁРКА:
“Трэба, каб было весела. Мы вельмі жадаем пабачыць усмешкі дзяцей. Нам вельмі падабаецца праводзіць час з дзецьмі. І тое, што сёння яны прыйшлі да нас у госці, гэта для нас шчасце, сапраўднае свята”.

Аб’яднанне “Funny nose” было створанае ў траўні 2009 года. На сённяшні дзень у арганізацыю прыйшлі каля 30 валанцёраў-клоунаў, якія ствараюць святы для самых маленькіх.

ГАННА ПАЎЛЮК, ВАЛАНЦЁРКА:
“Такое свята для дзяцей – гэта тое, чаго сапраўды не хапае ў нашым горадзе, тое, чаго не хапае нашым людзям. Тут кожны, нават дарослы чалавек, нават самы сур’ёзны, можа разняволіцца”.

Але ў дзейнасці “Funny nose” не толькі фэсты. Галоўная мэта працы клоунаў – наведванне і псіхалагічнае падтрыманне хворых дзетак у шпіталях.

ПАВЕЛ МЕЛЬНІКАЎ, УДЗЕЛЬНІК ФЭСТУ:
“Я калі быў у шпіталі, у радыяцыйным цэнтры, там часта былі клоуны. А яшчэ на Новы год яны дарылі падарункі, вельмі шмат дарылі. Дзеці былі шчаслівыя. Яны дарылі нам балонікі, расказвалі казкі. Яны часта прыходзілі ў суботы”.

“Funny nose” – дабрачынная арганізацыя, якая таксама патрабуе падтрымання і дапамогі, не хаваюць стваральнікі арганізацыі. Таму і запрашаюць далучацца і разам выклікаць усмешкі на тварах дзяцей.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў