Ці ў Кіеве цешацца з перамогі Парашэнкі на выбарах?


https://youtu.be/UPzficXFGoE
Афіцыйныя вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне абвесцяць да 5-га чэрвеня, паведамілі ва ўкраінскім Цэнтравыбаркаме. Пасля апрацоўкі 80 % бюлетэняў Пятро Парашэнка набірае 54 % галасоў.

Цэнтральная выбарчая камісія працавала ўсю ноч ды працуе і цяпер. Падлік галасоў усё бліжэйшы да заканчэння. І чым больш бюлетэняў падлічылі, тым больш выразна пацвярджаюцца вынікі, што падавалі сацыёлагі. Выбары ва Украіне адбыліся ў першым туры. Перамагае з вялізным адрывам Пятро Парашэнка.
{movie}Ці ў Кіеве цешацца з перамогі Парашэнкі на выбарах? |right|16643{/movie}
Прычым перамагае ён ува ўсіх рэгіёнах Украіны. Інаўгурацыя новаабранага прэзідэнта мае адбыцца ў адзін з дзён з 8-га да 10-га чэрвеня. Пра гэта ўжо заявілі ў штабе лідара прэзідэнцкай кампаніі.

«Першыя крокі, якія здзейсніць уся нашая каманда на пачатку прэзідэнцкай дзейнасці, маюць быць сканцэнтраваныя на заканчэнні вайны, хаосу і бязладдзя. І на прынясенні міру на ўкраінскую зямлю. На аб’яднаную і цэласную Украіну», – выказаўся новаабраны ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Палітык выказаў спадзеў, што ягонае абранне не пачнуць аспрэчваць у судах. Перамогу Парашэнкі, зрэшты, ужо прызналі і шэраг ягоных апанентаў. Сярод іх і галоўная канкурэнтка Юлія Цімашэнка.

«Я перакананая, што нашая каманда і я асабіста – мы зробіш усё магчымае, каб дапамагчы ўраду ва Украіне будаваць еўрапейскую, моцную Украіну. Каб нарэшце правесці рэферэндум аб чалецтве Украіны ў НАТО і абараніць Украіну самым паўнапраўным чалецтвам у Еўразвязе і ў калектыўных сістэмах бяспекі ды абароны глабальнага свету», – заўважыла кандыдатка на прэзідэнта Украіны Юлія Цімашэнка.

Не змаглі перашкодзіць падліку галасоў і сталыя хакерскія атакі на серверы Цэнтрвыбаркаму. Міжнародныя назіральнікі – а іх афіцыйна зарэгістравалі 3608 – не зафіксавалі на выбарах парушэнняў, якія б маглі перашкодзіць Захаду прызнаць іх вынікі. Гэты ж факт пацвярджаюць і ў ЦВК. Выключэнне – Данецкая і Луганская вобласці, дзе выбары таксама адбыліся, але толькі на некалькіх участках. Таму, як кажа Пятро Парашэнка, першы ягоны візіт будзе на Данбас, дзе зробіцца ўсё дзеля ўсталявання міру.

«Украіна ніколі не прызнае нелегітымнага рэферэндуму і ніколі не прызнае акупацыі Крыму», – заявіў Пятро Парашэнка.

А да наладжвання сітуацыі ва Украіне яшчэ далёка. Таму няма і ўсеагульнай эйфарыі жыхароў пасля выбараў.

«Ці будуць змены хутка, ці давядзецца іх чакаць – пабачым. Гэта так, або – або. Але для мяне гэта свята, мы чакалі гэтых выбараў. Кажуць, ён мільянер. Можа, будуць малыя змены. Але навошта яму тыя грошы?» – сказаў адзін з жыхароў Кіева.

«Буду святкаваць. Я цешуся, што перамог. Дэмакрат перамог у выбарах. Не будзе больш такога бандыта [папярэдняга прэзідэнта Віктара Януковіча – belsat.eu] ва Украіне», – мяркуе яшчэ адзін кіяўлянін.

На Майдане Незалежнасці ўсцяж стаяць намёты. Новаабраны мэр украінскай сталіцы Віталій Клічко ўжо заявіў, што неабходна ачысціць вуліцу і адкрыць Хрэшчатык для руху аўтаў, але абяцаў не рабіць гэтага сілаю.

Пятро Парашэнка ўжо заявіў таксама пра неабходнасць ужо сёлета пераабраць дэпутатаў Вярхоўнае Рады.

Але пакуль на Майдане выбары нічога не змянілі. Украінцаў вельмі доўга і шмат падманвалі, а таму яны патрабуюць нямала часу, каб ізноў паверыць уладзе. Спачатку іх трэба пераканаць, што ўлада – для народу. Але для гэтага народ будзе вельмі пільна глядзець на рукі гэтае ўлады.

Сяргей Падсасонны, Кіеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары