За мір і згоду: Еўразвяз прызнаў выбары ва Украіне


https://youtu.be/fwf5NjxXq7c
Афіцыйная рэакцыя Еўразвязу на вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне трапіла ў нашую рэдакцыю літаральна гадзіну таму. З амаль двухгадзінным спазненнем прэзідэнт Еўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу і прэзідэнт Еўрапейскай Рады Гэрман Ван Ромпёй распаўсюдзілі супольную заяву, у якой выказалі задавальненне вынікамі першага туру выбараў ва Украіне, і паведамілі, што гатовыя супрацоўнічаць з новымі ўкраінскімі ўладамі.

“Парашэнка на шляху да перамогі ва Украіне”, “Амаль усе ў захапленні ад украінскага шакаладнага караля”, – з такімі назвамі выйшлі сёння раніцаю самыя папулярныя бельгійскія газеты “Metro” і “De Morgen”, прадракаючы безумоўную перамогу на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне ўжо ў першым туры Пятру Парашэнку. Газеты спасылаюцца на звесткі экзіт-полаў, згодна з якімі “шакаладны кароль” набраў ад 55-ці да 57-мі адсоткаў галасоў выбарнікаў.

{movie}За мір і згоду: Еўразвяз прызнаў выбары ва Украіне |right|16642{/movie}

Газета бельгійскіх інтэлектуалаў “De Morgen” падкрэслівае таксама і тое, што фігура Пятра Парашэнкі ў якасці прэзідэнта ёсць “у гэты няпросты для Украіны час аптымальнаю і найбольш кампраміснаю”. Найперш таму, што прыязна ўспрымаецца і на Захадзе – у Еўразвязе, і на Усходзе – у Расеі. Ня кажучы ўжо пра тое, што гэта, бадай, найпапулярнейшы цяпер ва Украіне палітык. А якая афіцыйная пазіцыя Еўразвязу па выніках учарашніх прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне? Яе агучылі ў Брусэлі літаральна гадзіну таму.

ПЭТЭР СТАНА, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСАРА ФЮЛЕ:
“Мы вітаем гэтыя выбары. Гэтыя выбары былі вельмі важныя, і мы будзем працаваць з новым прэзідэнтам Украіны, бо мы хочам, каб Украіна была стабільная, жыла ў міры, і мы хочам працаваць з новым прэзідэнтам і з Украінаю, як Еўразвяз”.

А ці зменіцца палітыка Еўразвязу ў адносінах да Украіны пасля абрання легітымнага кіраўніка краіны?

ПЭТЭР СТАНА, ПРЭС-САКРАТАР ЕЎРАКАМІСАРА ФЮЛЕ:
“Я б не сказаў, што нешта зменіцца, бо мы ўжо працавалі ды працуем з уладамі Украіны сёння і ў мінулыя дні, тыдні. Мы вельмі радыя, мы гатовыя працаваць з новым прэзідэнтам, бо шмат крокаў, якія трэба зрабіць на Украіне, каб Украіна была зямлёю, дзе людзі жывуць у міры і бяспецы”.

Нічога ня зменіцца, згодна з украінскімі калегамі, пасля выбараў і ў лёсе Дамовы аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам.

РАСЦІСЛАЎ ДЗЯМЧУК, «AGENCY EUROATLANTIKA», УКРАІНА:
“Пра гэта ўжо завяралі як прэзідэнт Еўракамісіі Барозу, кіраўніцтва Еўрапейскага парламенту, а таксама Рады Еўрапейскага звязу, што ніякіх зменаў ня будзе. Мы чакаем толькі інаўгурацыі прэзідэнта ва Украіне, і адразу ж у найбліжэйшы час, абяцае як украінскі бок, так і еўрапейскі, гэта падпісанне эканамічнай часткі дамовы”.

Дарэчы, учора ў Каралеўстве Бельгія, згодна са звесткамі амбасады Украіны ў гэтай краіне, прагаласавалі крыху менш за тысячу чалавек, што складае прыблізна 50 адсоткаў украінцаў, якія кампактна пражываюць у гэтай краіне і пакуль не атрымалі бельгійскага грамадзянства.

І ўсе яны, а таксама мясцовыя грамадскія актывісты, палітыкі і брусэльскія бюракраты ўсцяж чакаюць з Украіны галоўнае навіны – тэрміновага спынення ґвалту і закалотаў. І каб, урэшце, ва Украіне перасталі гінуць людзі. Бо будаўніцтва новай украінскай дзяржавы, мяркуюць сёння у Брусэлі, магчыма ня толькі пасля абрання легітымнага кіраўніка краіны, але, найперш, пасля таго, як у гэтай краіне ўсталюецца мір і згода.

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусэль

Глядзі таксама
Каментары