Каля сценаў полацкай Сафіі крычалі старадаўні крывіцкі кліч (фота і відэа)


Шляхетныя рыцары і ўмелыя рамеснікі з 30 клубаў гістарычнай рэканструкцыі ўзялі ўдзел у фестывалі сярэдневяковай культуры «Рубон-2014» у Полацку.

{movie}Каля сценаў полацкай Сафіі крычалі старадаўні крывіцкі кліч. «Рубон-2014» у Полацку |right|16640{/movie}

Як распавёў рыцар гербу снежнага барса пан Алесь, з кожным годам фестываль становіцца ўсё больш паважаны і ўсё больш шырокі.

«Адрозненне цяперашняга фестывалю ад іншых у тым, што ў ім вельмі добра прапрацаваны музычны складнік», – адзначыў пан Алесь. – На фестываль сабраліся людзі з розных рэгіёнаў Беларусі – Менску, Віцебску, Берасця, а таксама са Смаленску, што ў Расеі».

Назва фестывалю паходзіць ад старажытнага баявога клічу воінаў полацкай зямлі, з якім яны ішлі ў атаку. Фестываль праводзіцца з 2008 года. Упершыню ён адбыўся насупраць Верхняга Замку і быў прымеркаваны да святкавання 1146-годдзя Полацку.

Гэтаю вясною сярэднявечны горад размясціўся каля сценаў старажытнай Сафіі. Канцэпцыя мерапрыемства выяўленая трыма складнікамі – сярэднявечная самабытная культура, нацыянальная культурная спадчына, багацце музейных экспазіцыяў.

Падчас імпрэзы прайшлі турніры рыцараў, латнікаў і лучнікаў паводле правілаў ранняга і развітага сярэднявечча, старажытныя гульні з гледачамі, захапляльнае відовішча рыцарскіх бугуртаў – камандавых баёў перыядаў XIII–XVI і IX–XII стагоддзяў.

Сваё майстэрства паказалі рамеснікі – кавалі, вырабы якіх можна было набыць падчас свята на кірмашы. Для ахвотных зарганізавалі майстар-класы ў традыцыйных сярэднявечных рамёствах. Госці маглі пакаштаваць стравы сярэднявечнай кухні, паслухаць непаўторную сярэдневяковую музыку і праехаць верхам.

МЯ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў