STARавіны. Пра «путешествовать хотящих»


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта? У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Сто гадоў таму, як і цяпер, у нас развіваліся розныя галіны турызму.

Аздараўляльны турызм. Беларусы ў часы Савецкага Саюзу ездзілі на каўказскія курорты – Пяцігорск, Есентукі. Аказваецца, сюды і ў расейскі перыяд ездзілі, «стомленыя ад зімовай работы, хворыя і знэрваваўшыяся рускія абывацелі [то бок жыхары Расейскай імперыі – В.Ш., belsat.eu]…». Расейскае таварыства падарожжаў і турызму выдала даведнікі па Каўказе, Крыме, Блізкім Усходзе і Каўказе ды разаслала іх ува ўсе губерні пачатковым, сярэднім і вышэйшым навучальным установам.

Адукацыйны турызм. У канцы чэрвеня камітэт Усерасейскай сельскагаспадарча-прамысловай выставы ў Кіеве на ільготных умовах запрашаў вучняў з настаўнікамі, сялянаў і рабочых у жніўні паглядзець бясплатна выставу, пры гэтым прапаноўваў кватэры для пражывання цягам не болей за чатыры дні. Усе экскурсанты мусілі быць з аднаго месца навучання ці працы, саюзу ці таварыства. Дэпартамент земляробства патурбаваўся пра навучэнцаў сельскагаспадарчых навучальных установаў – зарганізаваў у Кіеве бясплатна памяшканне на 100 асобаў. У чэрвені 1913-га апякун Кіеўскай навучальнай акругі паведаміў упраўленне Віленскай навучальнай акругі (у яе ўваходзіла Беларусь) пра стварэнне адмысловай камісіі для прыняцця падчас летніх вакацыяў школьных экскурсіяў у Кіеве.

«Могилёвский вестник» 8 жніўня 1913 года паведамляў пра паломніцтва ў Кіеў настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школаў шасці ўездаў Магілёўскай губерні. А ў № 173 паведамлялася пра экскурсію на параплаве «Надзея» ў Кіеў з Быхава вучняў пачатковых школаў ва ўзросце 11–14 гадоў з 8 земскіх і 5 міністэрскіх вучэльняў, 3 царкоўна-прыходскіх школаў – разам 58 асобаў.

Культурніцкі турызм. 6 чэрвеня 1913 года навучэнкі жаночай гімназіі Мсціслава баранесы Пілар фон Пільхаў адправіліся на экскурсію ў Маскву і Тройца-Сергіеву лаўру, Смаленск спачатку на фаэтонах праз Хіславічы (дзе адпачылі ў мясцовага папа) да станцыі «Пачынак», а потым – чыгункаю. Пяць дзён былі ў Маскве, дзе бачылі «Цар-гармату» (напэўна, ім не сказалі, што зрабіў яе беларускі майстар), «Цар-звон», Храм Хрыста Збаўцы, Лобнае месца, помнікі Мініну і Пажарскаму (ці нагадалі, што беларусы тады ўладарылі ў захопленай Маскве?), імператарам Аляксандру ІІ і Аляксандру ІІІ, першадрукару Івану Фёдараву (беларусу Хведаровічу) ды іншае, што паказваюць і сённяшнім экскурсантам. У Тройца-Сергіевай лаўры апавядалі пра 16-месячную асаду лаўры войскам Сапегі і Лісоўскага. У Сергіевым пасадзе экскурсанты набылі рэчы саматужных промыслаў: міскі, кубкі, куклы, паясы.

Зялёны турызм. У той час здаваліся лецішчы. Напрыклад, за 5 вёрстаў ад Магілёва можна было арэндаваць маёнтак Малы Пашкаў, дзе былі купальня, сад, сасновы лес, ці лецішча ў Гарадку каля Палыковічаў Магілёўскай губерні. За дзве вярсты ад сяла Кісцені Рагачоўскай губерні здаваліся «Дачы на Днепре». Прапаноўвалі: здаровую мясцовасць (сасновы лес, лугі), купальню, човен, асобныя кухні, крытыя веранды, мэблю, ад 1 да 10 пакояў. Кошт ад 30 да 300 рублёў. Праезд параплавам. На лецішчы ля Берасця-Літоўскага, пры станцыі Дубіца на Берасці-Холмскім участку Прывіслінскай чыгунцы прыязджалі не толькі берасцейцы (1 гадзіна чыгункаю), але і жыхары Варшавы, Любліна, Хэлму.

Спартовы турызм. Ломжынскія веславальнікі плавалі ў ліпені 1913 года па Нёмне ў бок Друскенікаў, на шляху агледзелі капліцу ў Пераломе.

Актыўны турыстычны сезон пачынаецца – я зычу шаноўным чытачам добрых і прыемных пачуццяў у выбранай вамі галіне турызму.

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў