Асаблівасці нацыянальнай перавозкі


Рэпарцёр «Белсату» правёў дзень са сталічным кіроўцам, які выдумаў і зрэалізаваў індывідуальны падыход да кліента ў адной асобна ўзятай таксоўцы.

Сяргей Місюкевіч прапаноўвае дзяліць кошты пры карыстанні таксоўкамі. Фота belsat.euСяргей Місюкевіч прапаноўвае дзяліць кошты пры карыстанні таксоўкамі. Фота belsat.euСем гадоў таму Сяргей Місюкевіч змяніў тралейбусную кабіну на крэсла таксоўкі. Два гады таму падабраў двух замежнікаў, разумецца з якімі давялося жэстамі. Пасля гэтага ў машыне Сяргея з’явіўся слоўнік. На моўныя курсы не было часу, таму розніцу паміж Present Simple i Present Perfect ён вучыў паміж замовамі.

Кіроўцу з веданнем англійскай «адрываюць з рукамі»: Сяргея кліенты знаходзяць праз турфірмы альбо ў інтэрнэце. Ён адчыніў свой сайт, а з нядаўняга часу вядзе і старонкі ў сацыяльных сетках. Вялізную ролю адыгрывае «сарафаннае радыё». Гэтак, падчас чэмпіянату Сяргею давялося падвозіць кіраўніка Радыё і тэлебачання Славаччыны Вацлава Міка, які пасля рэкамендаваў беларуса ўсім славацкім спартовым журналістам і каментатарам, якія прыязджалі сюды працаваць.

Нядаўна Сяргей звярнуўся да «Белавіі» з пытаннем размяшчэння на іх старонцы банера з ягонаю рэкламаю. Нацыянальны авіяперавознік не здолеў нават адказаць, колькі такая паслуга каштуе, і запрапанаваў Сяргею патэлефанаваць на наступны дзень. Сяргей тэлефанаваў заўтра, паслязаўтра і потым штодня цягам дзвюх месяцаў, але гэтак і не атрымаў ніякай інфармацыі. «Я прадпрымальнік, і заўсёды ведаю, колькі каштуюць мае паслугі, – кажа Сяргей. – А працаўнікі дзяржаўных кампаніяў працуюць без матывацыі, бо ў любым выпадку атрымаюць заробак».

Найпапулярнейшы рэйс – у лётнішча. Фота belsat.euНайпапулярнейшы рэйс – у лётнішча. Фота belsat.euА 12:00 у Сяргея адразу дзве замовы: на праспекце Незалежнасці ён забірае фіна, на Раманаўскай Слабадзе чакае паляк. Міка тут упершыню: ён прыляцеў у Менск на чвэрцьфінальны матч ягонай зборнай з Канадаю і задаволены вяртаўся дадому – Суомі перамагло. Томаш – часты госць у беларускіх архівах, ён дапамагае суайчыннікам рэканструяваць генеалагічнае дрэва. І заўсёды карыстаецца паслугамі Сяргея.

Мужчыны знаёмяцца і абменьваюцца візітоўкамі, а машына пакідае межы гораду. Калі да лётнішча застаецца хвілінаў пяць, Сяргей уключае гімн Фінляндыі. Міка перастае жартаваць і гучна зацягвае фінскую (існуе яшчэ і шведскамоўная) версію «Нашага краю». Мужчыны не могуць ані падняцца, ані падспяваць, але зачыняюць шыбы, каб палепшыць акустыку ў салоне. Скандынава ўзнагароджваюць воплескамі, а Сяргей прыгадвае, што аднойчы паставіў пасажыру «Швейцарскі псалом» без папярэджання: «Швейцарац ледзь не анямеў, але сабраўся, заспяваў і папрасіў яшчэ паставіць «Божа, беражы Каралеву», што таксама выканаў». На гарызонце ўжо з’яўляюцца абрысы лётнішча, а ў салоне пачынае гучаць «Марш Дамброўскага». Томаш, аднак, вельмі крытычна ацэньвае свае вакальныя здольнасці ды ігнаруе настойлівыя просьбы заспяваць.

 Кожнага кліента Сяргей сустракае з імянною шыльдачкаю. Фота belsat.eu Кожнага кліента Сяргей сустракае з імянною шыльдачкаю. Фота belsat.euСяргей робіць развітальнае фота з палякам і фінам, якія ідуць рэгістравацца на свае рэйсы, а пасля спускаецца да залы прылётаў і чакае канадца Г’юга, які ляціць з Абу-Дабі. Г’юга прылятае разам са сваёй дзяўчынаю Шынэйд, квіткі на два паўфінальныя матчы яны набылі месяц таму. Канадскі заўзятар пытае, ці часта праз Беларусь спрабуюць трапіць у Еўропу афрыканцы, і распавядае, што разам з імі ляцелі трыццаць неграў з хакейнымі квіткамі, але беларускія памежнікі «адсеклі» іх ад усіх пасажарыў і кудысьці павялі.

Г’юга гутарыць з Сяргеем пра братоў Касціцыных, якія выступалі за ягоны ўлюбёны «Манрэаль Канадыенз», пра Кевіна Лэйланда, пра Юрыя Файкова – выхаванец менскага «Юнацтва» з 2011 года ёсць галоўным трэнерам зборнай Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

У пэўны момант Сяргей спыняецца і, паводле яго, упершыню ўключае музыку Калікса Лявале. «О Канада» існуе ў англійскай і французскай версіях, і галасісты Г’юга выконвае абодва гімны. Усяго ў калекцыі Сяргея на сёння 31 гімн, але збор пастаянна расце.

 Сяргей праводзіць невялікую экскурсію сваім канадскім кліентам ля Царквы Усіх Святых. Фота belsat.eu Сяргей праводзіць невялікую экскурсію сваім канадскім кліентам ля Царквы Усіх Святых. Фота belsat.euУ Сяргея ў планах – падрыхтаваць невялікі экскурсійны тур па Менску для замежнікаў, ён хоча заязджаць у цікавыя мясціны, калі траса ляжыць побач з якою-небудзь славутасцю. Такія бонусы, на ягоную думку, будуць выгодным чынам адрозніваць яго ад канкурэнцыі. Апроч нацыянальнага строю, у якім Сяргей сядзіць за стырном, наступнаю сваёй фішкаю таксовец хоча зрабіць караоке ў салоне аўта як лагічны працяг спеваў нацыянальных гімнаў, і ў спякотныя дні частаваць пасажыраў халоднаю вадою з торбы-лядоўні. І ўсё гэта – бясплатна і, вядома, на жаданне.

Наступная рэч, якую Сяргей хоча прышчапіць беларусам – ашчаднасць. Практычныя замежнікі заўсёды радыя падзяліць кошт таксоўкі, як гэта зрабілі, напрыклад, Міка і Томаш. Беларусы ж пакуль плацяць менавіта за тое, што едуць адныя.

Напярэдадні чэмпіянату шмат хто з менчукоў выраблялі сабе ліцэнзіі таксоўцаў, бо чакалі навалы турыстаў. Турысты прыехалі, але таксоўкамі карыстацца не хацелі – іх задавальняла метро. Мелі месца сітуацыі, калі замежныя заўзятары падыходзілі да таксоўца толькі каб запытаць дарогу: «Як прайсці да гэтага гатэлю? – Вы будзеце ісці ўсю ноч, адсюль кіламетраў 12. – Нічога, пройдземся, у нас усё роўна гатэль з раніцы аплочаны».

Сяргей высаджвае канадцаў ля ГУМу, дзе іх сустракае гаспадыня кватэры, а сам вяртаецца ў лётнішча – праз гадзіну прылятае наступны ягоны пасажыр.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары