Беларус ваюе ва Украіне за сепаратыстаў і хоча медаль “за ўзяцце Кіева”


Нягледзячы на атакі ўзброеных сепаратыстаў на Данеччыне, манеўры расейскіх войскаў ля ўкраінскае мяжы ды захоп Крыма, ва Украіне адбыліся пазачарговыя выбары прэзідэнта. Паводле апошняй інфармацыі, яўка выбарцаў перавысіла 55 %. Цэнтральная выбарчая камісія Украіны паведамляе, што магчымасць прагаласаваць была ўва ўсіх грамадзянаў. А як насамрэч?

{movie} «Антытэрарыстычныя» выбары|right|16633{/movie}

За каго галасаваць – асабісты выбар кожнага. І апытаныя “Аб’ектывам” украінцы галасавалі па-рознаму. Але агульны настрой на ўчастках быў такі: новы прэзідэнт не мусіць быць новым царом.

ЖЫХАРЫ КІЕВА:

“Усе дзяржаўныя мужы – гэта наёмныя працаўнікі на службе грамадства”.

“Горш яны не зробяць, а лепш зрабіць могуць”.

“Ёсць спадзеў на тое, што заўтра мы прачнемся ва Украіне, у якой будзе легітымная ўлада, легітымны прэзідэнт, што не будзе патрэбы праводзіць паўторнае галасаванне”.



Адсутнасць абранага прэзідэнта і звязаны з гэтым агульнаўкраінскі крызіс шкодзіць не толькі Украіне.

МАРКА ФЭРАРА, МІЖНАРОДНЫ НАЗІРАЛЬНІК:

“Гэты выбарчы працэс, напэўна, найважнейшы з тых, што адбываюцца сёлета ў Еўропе”.

Таму ва Украіне адначасова дзеяць адразу некалькі незалежных міжнародных місіяў назірання за выбарамі.

РАЙНЭР РУГЕ, МІЖНАРОДНЫ НАЗІРАЛЬНІК:

“Усе выбарчыя ўчасткі добра падрыхтаваліся, бюлетэні ўсе ёсць, і парушэнняў я не бачу зусім”.



Да чаго выбаркамы не падрыхтаваліся, дык гэта да звышвысокай яўкі грамадзянаў. Раней такога проста не было. Людзі падоўгу стаялі ў чэргах да бюлетэняў. І разам з усімі ў чэргах стаялі ўкраінскія палітыкі.

АЛЯКСАНДР ТУРЧЫНАЎ, ЧАСОВЫ ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

“Пасля ўсенароднага абрання прэзідэнта мы з вамі будзем мець фактычна завершаную архітэктуру ўлады ва Украіне. Усе дзяржаўныя інстытуты будуць пабудаваныя”.



АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:

“Украінцы адваявалі сваё права выбіраць сабе ўладу. І ўсе спробы сарваць выбары, што робяць Расея і фінансаваныя ёю тэрарысты, наканаваныя на паразу”.

У выбарах бралі ўдзел нават крымскія татары. Праўда, для гэтага ім давялося прыехаць у Херсонскую вобласць – у Крыме ўсё ўкраінскае сёння пад забаронаю. У Луганскай і Данецкай вобласцях правядзенне выбараў паспрабавалі сарваць сепаратысты. Са зброяй у руках яны атакавалі мясцовыя выбарчыя ўчасткі, чальцоў выбаркамаў, аўтамабілі з бюлетэнямі. У Данецку выбарчыя ўчасткі проста не адчыніліся. Украінскія ўлады далі магчымасць прагаласаваць не паводле месца жыхарства, але скарыстацца ёю было не так і лёгка.

ЖЫХАР КРАМАТОРСКУ:

“Каб прагаласаваць, трэба ехаць у іншы горад. Каб выехаць у іншы горад, трэба праехаць шмат блокпостаў – украінскага войска, неўкраінскага войска”.



Сітуацыя напружаная, сутычкі між сепаратыстамі і ўкраінскім войскам працягваюцца, гінуць людзі. Сёння пацвердзілася інфармацыя пра смерць двух журналістаў – расейца Андрэя Міронава і італьянца Андрэа Ракеллі, што трапілі пад мінамётны абстрэл пад Славянскам. Там таксама быў паранены французскі журналіст Вільям Рагелён.

Баевікі ж цяпер асабліва не хаваюць, што сярод іх сапраўдных украінцаў не так і шмат. Затое ўсё больш грамадзянаў Расеі, каўказцаў з Чачэніі ды Асеціі. Ёсць і беларусы – такія, як гамяльчук Анатоль Маўчанаў. Ён пачынаў ваяваць з Украінай у Крыме, атрымаў узнагароды. Цяпер кажа, што хоча медаль “за ўзяцце Кіева”.

АНАТОЛЬ МАЎЧАНАЎ, БАЕЦ ДАНЕЦКІХ СЕПАРАТЫСТАЎ:

“Я за тое, каб мы жылі ў адной краіне. Каб як у нас, у Беларусі, было – у будучай адзінай славянскай сям’і. Я супраць гэтых вось раздзелаў, вайны алігархаў”.



Алігархі, аднак, не спяшаюцца дапамагаць самаабвешчаным урадам баевікоў. Таму сёння ў Данецку “зялёныя чалавечкі” разам з натоўпам актывістаў прыйшлі да рэзідэнцыі Рыната Ахметава, самага багатага чалавека Данбасу.

АНДРЭЙ РОДКІН, ЧАЛЕЦ УРАДУ ДНР:

“Прадмет перамоваў відавочны, па-мойму, калегі. Гэта падтрыманне Данецкай Народнай Рэспублікі Рынатам Ахметавым”.



ВОЛЬГА, ПРАРАСЕЙСКАЯ АКТЫВІСТКА:

“Дэпутаты ДНР прасілі яго, каб ён плаціў падаткі штомесяц. Ён адмовіўся, ён ігнараваў. Ён усе грошы пералічвае кіеўскай хунце, каторая ідзе забіваць людзей”.



Але нічога не выйшла. Ахметаў праз тэлефон адмовіў сепаратыстам не толькі ў праве на долю, але і нават на экскурсію па рэзідэнцыі. І баевікі… проста разышліся.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў