Памёр генерал Ярузэльскі – сімвал камуністычнай Польшчы


Войцех Ярузэльскі памёр на 92-м годзе жыцця ў варшаўскім лякарні пасля інсульту.

Генерал цяжка хварэў цягам колькіх гадоў. Тры гады таму, пасля перанесенай ім пнеўманіі на фоне праблемаў з кровазваротам, лекары паставілі дыягназ – рак. Пасля дадатковых абследаванняў выявілася, што пухліна – гэта лімфома. З тых часоў агульны стан здароўя генерала пагаршаўся.

Стан Ярузэльскага быў надзвычай цяжкі некалькі апошніх дзён, а сёння наступіў крытычны момант. Пра яго смерць паведаміла дачка Моніка Ярузэльска.

Войцех Ярузэльскі нарадзіўся 6 ліпеня 1923 года ў Кураве (Kurów). Пачынаў вайсковую кар’еру шараговым жаўнерам Народнага Польскага Войска, у якім даслужыўся да рангу генерала. З 1964 да 1989 г. быў чальцом Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі (так называлася кампартыя Польшчы), а з 1981 г. – першым сакратаром ЦК гэтай партыі. У 1989–1990 гг. ён займаў пасаду прэзідэнта краіны. Генерал кіраваў Вайсковаю радаю нацыянальнага выратавання, якая ў ноч з 12 на 13 снежня 1981 г. увяла ваеннае становішча ў адказ на пратэсты і страйкі палякаў, незадаволеных з палітыкі ўладаў.

Пасля дэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе 1990 г. Ярузэльскі адышоў ад палітычнага жыцця.

Інстытут нацыянальнае памяці Польшчы абвінаваціў Ярузэльскага ў кіраванні злачынным хаўрусам, які незаконна падрыхтаваў і ўвёў ваеннае становішча. У асобную справу аформілі абвінавачанне ў забойстве рабочых-страйкоўцаў у Гданьску ў 1970 г. Усе працэсы былі прыпыненыя, бо абвінавачаны не з’яўляўся на іх, спасылаючыся на кепскі стан здароўя.

У дэмакратычнай Польшчы постаць Войцеха Ярузэльскага асацыявалася з камуністычнаю рэакцыяй, пераследам людзей, што змагаліся за свабоду. Ярузэльскі памёр у дзень, калі ў Польшчы адбываюцца выбары ў Еўрапарламент.

МЯ, belsat.eu, паводле fakt.pl

Стужка навінаў