«Харкаўскае княства», «Новаросія» і гарматнае мяса


Небяспечная вандроўка здымачнай групы «Белсату» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне.

Перадвыбарная паніка і правяранне «на вашывасць»



«Я бачу, вы на Майдан «каталіся», – бубніць сабе пад нос украінская памежніца Святлана М. і ўедліва ўглядаецца ў штампы ў маім пашпарце. – Хадземце. Будзем разбірацца».

З пакораю іду за грудастай афіцэркаю па калідоры аэрапорту «Барыспаль». Тая перадае мяне ў рукі разгубленаму бландзіну.

«Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца ва Украіне»? – пытаецца працаўнік памежнай службы. – «Нашую здымачную групу у Чаркасах пабіў «Беркут». Як вы думаеце, як я магу ставіцца да таго, што ў вас адбываецца?.. Лепш паглядзіце наш рэпартаж «Рэвалюцыя. Дэдлайн» – самы лепшы».

{movie}Як беларускіх журналістаў сустракалі ў кіеўскім аэрапорце|right|16618{/movie}

Праз дзве хвіліны я вольны. Правяранне «на вашывасць» прайшоў. Сфоткаў мясцовага ката, сеў на самалёт і праз гадзіну апынуўся ў хіба што ў самым прыгожым украінскім горадзе.

Харкаўскае княства Добкіна і Кернеса



У Харкаве +30˚ С. Над галоўнаю плошчаю гораду ўзвышаецца правадыр пралетарыяту, у ягоным ценю хаваецца з два дзясяткі міліцыянтаў. Стаяць, пазяхаюць, смяюцца. Крыху далей пераступаюць з нагі на нагу мясцовыя прыхільнікі федэралізацыі Украіны. «Трымайце георгіеўскую стужку», – кажа сівавалосы мужчына і працягвае атрыбутыку тых, каго праўкраінскія сілы называюць каларадамі.

Дрэнна апранутыя жанчыны, бабулі, мужыкі пралетарскага выгляду, некалькі мясцовых фрыкаў крычаць «Не – фашызму!». Басісты мужык ў бейсболцы заклікае разабрацца з «хунтаю» (гэта пра новую ўлада Украіны) і прапаноўвае стварыць Паўднёва-ўсходнюю аўтаномную рэспубліку. Дарэчы гэтую канцэпцыю дзяржаўнага ладу не падзяляюць лідары т. зв. «Луганскай» і «Данецкай народных рэспублік» (з 24 траўня “Новаросія”).

На другім канцы плошчы адміністрацыйны будынак з разбітымі вокнамі, які нейкі час таму спрабавалі захапіць. На ўваходзе – група спецназу. «Гэта Амерыка. Вы зразумейце, свет стаў шматпалярным. Яны ўсё спланавалі. А гэтыя выбары – клаўнада», – тлумачыць выкладчык харкаўскай палітэхнікі, які можа і не ў захапленні ад ідэі федэралізацыі, але новай улады і прэзідэнцкіх выбараў пэўна прызнаваць не збіраецца.

«Ды яны татальныя вар’яты. Хоць некаторыя даволі эрудаваныя. З імі няма сэнсу спрачацца. Расейскі тэлек прамыў ім мазгі», – распавядае мне мясцовая журналістка Анна Гін.

{movie}”Мазгі вымываліся”. Дэманстрацыя ў Харкаве|right|16617{/movie}

Недалёка ад цэнтральнай плошчы вісяць білборды з партрэтам дзейнага харкаўскага мэра Генадзя Кернеса – аднаго з самых багатых жыхароў Харкаўскай вобласці. «Ён стары прайдзісвет. Але таленавіты прайдзісвет. Узгадайце хаця б той ролік з Youtube’у, дзе Кернес тлумачыць Міхаілу Добкіну (сыну заможнага харкаўца Марка Добкіна), як трэба звяртацца да харкаўцаў, каб стаць мэрам», – прыгадвае колішнія мясцовыя выбары былы палітэхнолаг Кернеса Сяргей. Тады ролік стаў хітом.

{movie}Кернес вучыць Добкіна хлусіць|right|16616{/movie}
Добкін зарэкамендаваў сябе як мясцовы клоўн, але ад палітычных амбіцыяў не адмовіўся і нават падаўся на кандыдата ў прэзідэнты, раптоўна змяніўшы сепаратысцкую рыторыку на лозунгі за адзіную Украіну.
Гарматнае мяса за 1800 грыўняў

«Фінансавыя магнаты заварылі гэтую кашу і страцілі кантроль над сітуацыяй ды надзяюць новыя маскі, а сепаратысты – гэта зброд: крымінальнікі, наркаманы і інтэлектуальна недаразвітыя людзі… Цяпер мы вымушаныя вазіць нашым вайскоўцам шкарпэткі і прыборы начнога бачання», – распавядае па дарозе ў горад Ізюм валанцёрка Аня з арганізацыі «Help army». – Мы ледзь не кожны дзень возім салдацікам ежу. Міністэрства абароны, відаць, паклала на іх вялікі і тоўсты… У мінулым месяцы мы завезлі вопратку танкістам, якія сядзелі пры дарозе у спартовых штанах, а на дварэ вецер, холад. Я не ведаю як гэта назваць: здарада? сабатаж?» Падчас кіравання краінаю Януковіч ставіў міністрамі абароны выключна грамадзянаў Расеі.

Дарэчы, кантрактнікі ў Крыме – і тыя, хто перайшоў на бок Расеі, і тыя, хто ўцёк, – атрымлівалі 1800 грыўняў за месяц нягледзячы на фактычна ваеннае становішча. На блок-пастах у бок ДНР вайскоўцы асабліва не хваліліся заробкамі. «Мы за Радзіму стаім. І ўвогуле вы з якога каналу?» – мяняе тэму 40-гадовы мужчына з АК-47.

Ізюм – апошняя спакойнае месца на мяжы з былой ДНР. На першым блок-пасце – Украінская нацыянальная гвардыя. Некалькі маладзенькіх прышчавых хлапчукоў правяраюць дакументы. Крыху далей яшчэ адзін блок-пост. «Не трэба туды вам ехаць. Нумары ў вас днепрапятроўскія, «тачка» неблагая, нават ваенныя журналісты з ЗША туды не едуць», – адгаворвае мясцовы жыхар, які ў вольны час падпрацоўвае для замежных журналістаў правадніком.

Вырашылі паехаць. Але першая куля, якая праляцела за колькі метраў ад аўтамабіля, аказалася занадта моцным аргументам супраць таго, каб далей правяраць межы нашага бясстрашша. Далей магчымасці пісаць не было. Праз невялічкія вёскі ды лецішчы мы прабраліся з мясцовымі жыхарамі ў бок Данецку – сталіцы махноўшчыны XXI стагоддзя.

(Працяг будзе.)

Стужка навінаў