Ці пойдуць украінцы на выбарчыя ўчасткі, каб абраць прэзідэнта?


Нават вайна не здолела адбіць ва ўкраінцаў памкнення да ўласнага выбару будучыні сваёй краіны. На фоне баявых дзеянняў на ўсходзе і без акупаванага расейцамі Крыму заўтра а 8 раніцы адчыняцца выбарчыя ўчасткі.

21 кандыдат. Амаль 34 тыс. выбарчых участкаў. Спыненая агітацыя. Ва Украіне дзее Дзень цішыні напярэдадні падзеі, якую шмат хто і ў краіне, і па-за яе межамі ўжо назваў гістарычнаю. Заўтра ўкраінцы абіраюць сабе прэзідэнта.

{movie} Напярэдадні выбараў (24.05.2014)|right|16609{/movie}

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:

«Заўтра мы давядзем усяму свету, а найперш – самім сабе, што нас нельга запалохаць, што мы і толькі мы будзем вырашаць, як нам будаваць родны дом і як у ім гаспадарыць».

Паводле сацыялагічных апытанняў, найбольшыя шанцы на перамогу мае «кандытарскі магнат» Пётр Парашэнка. Калі ён не здолее сабраць больш за 50 % галасоў, другі тур адбудзецца 15 чэрвеня. Галоўная суперніца Парашэнкі і паводле сацыёлагаў, і паводле аналітыкаў – лідарка руху «Бацькіўшчына» і экс-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка.

ЮЛІЯ ЦІМАШЭНКА, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНТА:

«Мы вельмі спадзяемся, што выбары адбудуцца менавіта 25 траўня. Мы не дапусцім, каб іх нехта сарваў. І мы лічым, што прэзідэнцкія выбары, абранне прэзідэнта – гэта досыць моцны фактар стабільнасці для Украіны».



Права голасу маюць каля 35,5 млн украінцаў. Ці ўсе з яго скарыстаюцца? Ці ўсе прыйдуць на ўчасткі?

ЖЫХАРЫ КІЕВА:

«Што ў нас трошкі ўсё супакоіцца, пойдзе на лад, усё будзе легітымнае – вось такія ў нас надзеі».

«Мы не пойдзем галасаваць, бо мы ўстрымліваемся».

«Я не бачу нармальных кандыдатаў на прэзідэнта. Усё тое ж самае! Не ведаю, у кожным выпадку, нічога добрага я не чакаю!»

«Нікому не веру! Патрэбны гэткі палітык, каб ён быў патрыёт».

«Гэта абавязкі прэзідэнта: ён мусіць вярнуць і стабільнасць, і эканамічны рост, і гэтак далей – вельмі шмат праблемаў ён мусіць вырашыць. І быць вельмі смелы, адважны, не баяцца за свае рэйтынгі і думаць толькі пра краіну».



Праблемы з рэалізацыяй права на выбар могуць узнікнуць у жыхароў Луганшчыны і Данеччыны, дзе агулам жывуць 5,1 млн выбарцаў. Тут сепаратысты абвесцілі сёння стварэнне новай дзяржавы – «Наваросіі». Адначасова тэрарысты часткова або цалкам заблакавалі 12 з 22-юх акруговых камісіяў у Данецкай вобласці, у Луганскай – 8 з 12-ці. Цэнтрвыбаркам Украіны, аднак, цвердзіць, што сарваць выбары гэта не дапаможа.

КАНСТАНЦІН ХІЎРЭНКА, ПРЭС-САКРАТАР ЦВК УКРАІНЫ:

«Мы маем выбары агульнанацыянальныя, то бок не выбары асобна ў Данецкай ці Луганскай вобласці, асобна ўзятай. Таму галасаванне адбываецца ў агульнанацыянальным маштабе».



Зрэшты, магчымасць прагаласаваць у жыхароў і неспакойнага Данбасу, і акупаванага Крыму ёсць.

АЛЕГ КУПРЫЕНКА, ТЭРЫТАРЫЯЛЬНАЯ КАМІСІЯ, КІЕЎ:

«Тыя людзі, што жывуць на ўсходзе і ў Крыме ды не маюць магчымасці з пэўных прычынаў – а тыя прычыны мы добра ведаем! – галасаваць у сябе паводле месца пражывання, мелі магчымасць прыехаць у іншае месца, напісаць у Дзяржаўны рэестр выбарцаў заяву пра часовую змену месца галасавання і зрэалізаваць сваё права голасу ў іншым месцы».



Сачыць за празрыстасцю выбараў будуць 3 тыс. 600 назіральнікаў, з іх 3 тыс. 300 – ад 20-ці міжнародных арганізацыяў, яшчэ 300 – прадстаўнікі 19-ці краінаў. Што да перадвыбарчай кампаніі, то асаблівых заўвагаў да яе ў замежных экспертаў няма. Параўноўваць жа ім ёсць з кім.

ЖУАН СУАРЭШ, МАНІТОРЫНГАВАЯ МІСІЯ АБСЕ:

«Я быў у Беларусі, дзе з самага пачатку было зразумелае, што выбары несвабодныя. Напрыклад, я ніколі не сустракаўся з прэзідэнтам Беларусі. Але мне і не трэба з ім сустракацца, каб правільна ацаніць».

А таму ўважліва сачыць за выбарамі ва Украіне заўтра будуць у тым ліку і назіральнікі з Беларусі, як незалежныя, гэтак і афіцыйныя. У адрозненне ад Расеі, якая аніводнага свайго прадстаўніка на выбары ва Украіну не даслала.

Валеры Руселік, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў