Партыя «Зялёныя» заклікае беларусаў дапамагчы выбраць Еўрапарламент


Беларуская партыя «Зялёныя» прапаноўвае беларусам, у якіх ёсць знаёмыя ці сваякі – грамадзяне краінаў Еўразвязу, нагадаць ім пра неабходнасць узяць удзел у выбарах у Еўрапарламент.

«Выбары ў Еўрапарламент адбудуцца 25 траўня. Жыхарам ЕЗ трэба выбраць дэпутатаў чарговага склікання Еўрапейскага парламенту. Ад яўкі ды вынікаў галасавання залежыць не толькі перспектыва далейшай інтэграцыі ЕЗ, але і будучыня краінаў-суседзяў Еўразвязу, у тым ліку і Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні партыі «Зялёныя».

У сувязі з гэтым палітычнае аб’яднанне прапаноўвае звярнуць увагу еўрапейскіх сяброў і сваякоў на выбарчую праграму і кандыдатаў ад партыяў, што ўваходзяць у Еўрапейскую партыю зялёных. Галоўныя пункты праграмы Еўрапейскай партыі зялёных: абарона сацыяльных правоў еўрапейцаў, дэмакратызацыя еўрапейскіх інстытутаў, развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі.

Апроч таго, падкрэсліваюць у беларускай партыі, «Еўрапейская партыя зялёных найбольш паслядоўна на фоне іншых еўрапейскіх партыйных структураў займаецца «беларускім пытаннем». Сярод іншага, «зялёныя» выступаюць за адмену візавага рэжыму паміж ЕЗ і Беларуссю, аказваюць дапамогу грамадзянскаму руху ў Беларусі, крытыкуюць праект будаўніцтва БелАЭС.

«Зялёныя» з Беларусі зазначаюць: калі кандыдатаў ад Еўрапейскай партыі зялёных падтрымаюць на выбарах, іхныя пачынанні будуць праяўляцца ў практычнай дзейнасці кіраўніцтва Еўразвязу.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў