Адзінага кандыдата на прэзідэнта ад апазіцыі абяруць на кангрэсе


Перамовы дэмакратычных структураў Беларусі наконт вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2015 года «прасунуліся дастаткова далёка», заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 24 траўня на сойме арганізацыі.

Паводле яго, «ёсць сур’ёзныя падставы гаварыць, што згода наконт працэдуры вызначэння кандыдатаў будзе дасягнутая, хоць спрэчныя моманты яшчэ нявырашаныя». Янукевіч сказаў, што ўжо дасягнулі дамоўленасці аб тым, што адзінага кандыдата выберуць на кангрэсе дэмакратычных сілаў.

На карысць такога прынцыпу выбрання гаворыць тое, што ў 2006 годзе адзіны кандыдат на прэзідэнта ўжо выбіраўся паводле вынікаў аналагічнай працэдуры, зазначыў Янукевіч.

Палітык паведаміў, што цяпер ідуць вялікія спрэчкі пра тое, як будуць вылучацца на кангрэс дэлегаты. Сярод іншага, вырашылі, што дэлегатамі будуць кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў на сёлетніх выбарах. Таксама ёсць згода, што будзе пэўная квота «для паважаных аўтарытэтных асобаў, якія на падставе рашэння аргкамітэту стануць дэлегатамі».



Апроч таго, магчымая пэўная квота дэлегатаў для кожнай арганізацыі, якая бярэ ўдзел у працы аргкамітэту. На думку Янукевіча, асноўная колькасць дэлегатаў мусіць вылучацца на рэгіянальных сходах дэмакратычных структураў.

Лідар Партыі БНФ заявіў, што пры правядзенні кансультацыяў прозвішчы прэтэндэнтаў на пасаду адзінага кандыдата пакуль не фігуруюць.



Паводле яго, разглядаецца варыянт, што пасля зацверджання працэдуры будуць дадзеныя, напрыклад, 2 месяцы на вылучэнне прэтэндэнтаў. Лідар Партыі БНФ лічыць важным, каб былі зацверджаныя крытэры, якім мусіць адпавядаць адзіны кандыдат. Прычым гэтыя крытэры не маюць быць расплывістыя. На думку Янукевіча, такі кандыдат павінен зрабіць публічныя заявы пра свае погляды на найбольш актуальныя праблемы, а таксама прадэклараваць крокі, якія ён зробіць у выпадку свайго абрання адзіным кандыдатам.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў