Тэрарысты паведамілі, што расстралялі дабравольцаў «Данбасу». Тымчук аднавіў ход бітвы


Дабравольцы батальёну «Данбас», якія ўчора трапілі ў палон да сепаратыстаў, забітыя. Пра гэта лідар данецкіх тэрарыстаў Ігар Безлер заявіў у тэлефоннай размове камандзіру батальёну Сямёну Сяменчанку.
Размова датычыла абмену палоннымі. Безлер паведаміў, што абмену не будзе, бо дабравольцаў расстралялі. Камандзір батальёну «Данбас» не пацвярджае гібелі сваіх байцоў, пакуль не ўбачыць іхных целаў.
Учора дабравольцы трапілі ў засаду, зладжаную тэрарыстамі побач з паселішчам Карлаўка. Батальён «Данбас» прасіў пра дапамогу кіраўніцтва антытэрарыстычнай аперацыі, але гэтак яе і не дачакаўся. Пра гэта ў «Facebook’у» напісаў кіраўнік групы «Інфармацыйны супраціў» Дмытро Тымчук. Ён рэканструяваў ход боя, які, паводле ягоных звестак, цягнуўся 4,5 гадзіны.
«Данбасу» здрадзілі, і інфармацыя аб іхных перамяшчэннях стала вядомая тэрарыстам», – сказаў Сяменчанка, словы якога на ягонай старонцы ў «Facebook’у» апублікавалі валанцёры. У тым жа паведамленні гаварылася пра 20 параненых. Шпіталь у Данецку, куды адправілі пацярпелых, ачапілі каля 60 сепаратыстаў.
Дабравольцы батальёну «Данбас» бралі пад ахову адміністрацыйныя будынкі, а таксама акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі ў некаторых раёнах Данецкай вобласці, каб не дапусціць зрыву выбараў. Паводле стану на 22 траўня яны паведамлялі, што кантралююць акруговыя выбаркамы ў Вяліканавасёлкаўскім, Дабрапольскім, Аляксандраўскім, Валадарскім і Чырвонаармейскім раёнах.
АК, belsat.eu, паводле news.liga.net
Глядзі таксама
Каментары