Выпусцілі з-за кратаў у Менску, пасадзілі на цягнік і затрымалі ў Гомлі


Гомельскаму актывісту Юрыю Рубцову, які выйшаў на волю пасля 25-дзённага арышту ў сталіцы, не далі даехаць дахаты.

21 траўня скончыўся тэрмін арышту Юрыя Рубцова за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху». Сталічныя міліцыянты не выпусцілі яго з ізалятару на вул. Акрэсціна, дзе ён адбываў пакаранне, а адвезлі на чыгуначны вакзал і там вызвалілі. Як паведаміла БелаПАНу жонка Рубцова, 21 траўня а 22:30 муж патэлефанаваў ёй і сказаў, што выязджае ў Гомель цягніком. Але раніцаю дадому не прыйшоў, і ніякіх звестак ад яго не было.
23 траўня высветлілася, што Рубцоў перабывае ў гомельскім ізалятары за ўчыненне нейкага адміністратыўнага правапарушэння. Якога канкрэтна – праваахоўнікі не ўдакладняюць.
На «Чарнобыльскі шлях» Юрый Рубцоў прыйшоў у майцы з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь!» і «Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі!», і яго затрымалі. 28 красавіка суддзя суда Савецкага раёну Менску Кірыл Палулех прызнаў гамельчука вінаватым у «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы», «дробным хуліганстве» і пакараў арыштам. Варта зазначыць, што ў суд міліцыя прывезла актывіста голым да пояса. Майку ў Рубцова сканфіскавалі.
АК, belsat.eu, паводле БелаПАН
Глядзі таксама
Каментары