У Горадні паказалі жывыя целы, “замарожаныя” ў скульптуры Радэна


У Горадні далі свабоду жывому, трапяткому чалавечаму целу. Што праўда, адрозніць жывыя скульптуры ад гіпсавых часам досыць цяжка – целы пакрытыя адмысловаю акрылаваю фарбаю на мёдзе.

Здымкі жывых скульптураў выставілі ў гарадзенскай антыкавярні “Жывы час”. Гэта творы ізраільскага мастака Славы Адама і фатографа Юлі Зільбергольц. На фота – жывыя людзі, якія застылі ў тых жа пастАвах, што і ў творах вядомага французскага скульптара Агюста Радэна.
{movie}Агляд падзеяў культуры|right|16590{/movie}
Слава Адам разважае: “Ягоныя скульптуры стаяць па ўсім свеце, цэняцца не толькі ў матэрыяльным, але і ў культурным, духоўным плане. Вось і ўзнікла ідэя – чым мы горш? Вядома ж, зрабіць скульптуру, як у Радэна, складана. Я вырашыў ажыццявіць гэта ў дасяжнай нам сёння тэхніцы”.

Мадэляў падбіралі адмыслова – падобных паводле прапорцыяў цела. На адкрыцці ў Горадні Слава Адам распісаў дзвюх гарадзенскіх мадэляў. Надалей выстава мае пападарожнічаць па краінах Балтыі, Польшчы, іншых месцах ва Усходняй Еўропе.

“Я ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць свае мастакі, якія працуюць у стылі бодзі-арт. Не горшыя, можа, нават лепшыя за мяне. Я заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва з імі”, – кажа Адам.

Паглядзець выставу ў Горадні можна да 5-га чэрвеня.

Іншыя тэмы: Гурт “Крама” прэзентаваў новыя песні ды паабяцаў новы альбом. У Менску адбылася прэзентацыя кнігі-білінгвы Алеся Разанава – па-беларуску і па-літоўску. Берасцейскі гурт “Landau” паказаў кліп да песні “Freedom”.

Адэля Дубавец, “Навіны культуры”

Стужка навінаў