Паралакс: Усмешку, зараз вылеціць куля


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

У 30-я гады мінулага стагоддзя амерыканскія ўлады называлі Боні Паркер і Клайда Бэраў ворагамі народу. Рамантычнай гэтую пару зрабіў іхны ўласны фотаархіў, які трапіў спачатку ў рукі паліцыі, а потым – журналістаў.

Ён, з сям’і фермераў, таленавіты хлопец, які мог стаць артыстам, трапіць пад кепскі ўплыў, у 20 гадоў апынецца ў турме пасля серыі дробных крадзяжоў. Жорсткая пенітэнцыярная сістэма Тэхасу з пастаянным гвалтам і здзекамі юнака не выправіць, а зробіць цынічным злодзеем: сваё першае забойства ён здзейсніць за кратамі.

Яна, мініяцюрная афіцыянтка, будзе пакутаваць ад суму правінцыйнага жыцця Дэласу і без вагання далучыцца да банды, калі пазнаёміцца з Клайдам у 1932 годзе.

Рабаўнікамі банкаў іх зробіць Галівуд, раней каханкі займаліся пераважна кішэннымі крадзяжамі, “чысцілі” маленькія крамкі ды нападалі на запраўкі. Яны не былі вялікімі прафесіяналамі, іхныя напады часта былі спантанныя, а не трапляліся яны ў першую чаргу з-за таго, што няспынна змянялі гарады: паліцыя аднаго штату не мела ніякіх паўнамоцтваў у іншым.

Героямі масавай культуры яны сталі не адразу: сучаснікі ненавідзелі Боні ды Клайда з-за іхных зверстваў, а таксама стылю жыцця. Калі паліцыя напала на след і абшукала іхны прытулак, то знайшла там непраяўленую фотастужку – злачынцы любілі здымацца. Боні пазавала на камеру, быццам гераіня рэкламнага постару або кінаафішы: паліла дарагія цыгары, бавілася са зброяй, чым і збіла з панталыку Амерыку.

На самой справе дзяўчына не была баевіком: ейная роля ў бандзе часта зводзілася да стаяння “на шухеры”, дый паліла яна самыя танныя цыгарэты. Аднак газеты імгненна раскруцілі вобраз няўлоўных каханкаў, якія бяруць ад жыцця поўнымі жменямі ды кпяць з дурняў-паліцыянтаў. Гэтыя фатаграфіі натхнілі творцаў ва ўсім свеце: нават сёння Боні ды Клайду працягваюць прысвячаць песні, фільмы і спектаклі.

Роўна 80 гадоў таму, 23 траўня 1934-га, іхны форд расстралялі ўва ўпор тэхаскія рэйнджэры. На каханках налічылі потым каля сотні ранаў – ім вярнулі іхныя кулі з вялікімі адсоткамі.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў