Беларуская палічка ў Варшаве


Пяты варшаўскі міжнародны кніжны кірмаш – падзея важная найперш для мясцовых выдаўцоў, пісьменнікаў ды іншых працаўнікоў кніжнай сферы. Раней кірмаш, або па-польску таргі, праходзіў у будынку Палацу культуры, але ўжо другі год запар кніга прыходзіць на спартовы стадыён. Для нас маштабная падзея цікавая і тым, што ў сектары “D” наведнікаў чакае сучасная беларуская кніга.

{movie}Беларуская палічка ў Варшаве|right|16567{/movie}

Уздоўж футбольнага поля – свой спорт. Тут змагаюцца за інтарэс публікі і прапановы агентаў больш за 700 выдавецтваў ды фірмаў. Пераважна польскіх, але ёсць і замежныя секцыі – у пераліку на пісьменнікаў гэта 695 аўтараў з розных куткоў зямлі. Летась тут прайшліся шЭсцьдзесят тысяч наведнікаў, сёлета чакаюць яшчэ больш.

НАТАЛЬЯ ШЭНРОК-БРАЖЫНЬСКА, ВЫДАВЕЦТВА «ZAKAMARKI»:

“Такога кантакту з чытачом, як тут, у нас звычайна няма. У нас няма ўласнае крамы, мы сядзім у офісе і робім там кніжкі. А тут у нас ёсць магчымасць паслухаць нашых малых чытачоў”.

Беларуская праграма выглядае на фоне буйства замежных кніг вельмі сціпла, аднак тут можна хутка азнаёміцца з усім прадуктам незалежнага кнігавыдавецтва. Сёлета ўсе выдаўцы аб’ядналіся, каб паказаць агульны прадукт.

ДАР’Я ВАШКЕВІЧ, ПРАЕКТ «BOOKS FROM BELARUS»:

„Мы ўжо навязалі некалькі кантактаў з замежнымі выдавецтвамі. І зараз абмяркоўваем магчымасць продажу некаторых аўтарскіх правоў для перакладу”.

Дзяўчаты нашыя ў міжнародных кірмашах ужо дастаткова абазнаныя – выставу “Books From Belarus” папярэдне вазілі на кніжныя кірмашы ў Франкфурт і ЛЯйпцыґ. Варшаўскі кірмаш падаўся ім больш падобным да Менскага, дзе найперш прыглядаюцца да асартыменту і не спяшаюцца з бізнес-прапановамі.

АЛЯКСАНДРА ГУБСКАЯ, ПРАЕКТ «BOOKS FROM BELARUS»:

„Тут значна менш замежных выдавецтваў прадстаўлена. У большай ступені тут паказаная польская літаратура з разнастайных выдавецтваў. Пакуль гэта галоўная адметнасць, але ж мы толькі дзень тут працуем”.

Апроч уласна выстаўнага працэсу, кірмаш – нагода пазнаёміцца з аўтарамі, паслухаць творы, атрымаць аўтограф. Ад Беларусі на польскіх таргах выступяць Андрэй Хадановіч, Артур Клінаў, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева і Павел Касцюкевіч.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў