Еўропа чакае беларусаў


З нагоды Дня Еўропы ўніверсітэты Старога Свету разам з амбасадамі зладзілі для беларускіх абітурыентаў Міжнародны адукацыйны кірмаш.

З самага ранку канферэнц-зала Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру пакрысе запаўнялася беларускімі школьнікамі, якія стаяць цяпер перад пытаннем, паступаць ці не, і калі паступаць – то куды. І хоць Міністэрства адукацыі падарыла менчукам больш шанцаў вучыцца бясплатна, скасаваўшы сёлета асобны конкурс для вясковых і гарадскіх абітурыентаў, юнакі ды дзяўчаты ўсведамляюць, што вучыцца ў Еўропе можа быць не толькі цікавей, а і больш танна, чым дома.

Чэхія, напрыклад, гарантуе бясплатнае навучанне для замежных студэнтаў, якія вывучаць чэшскую, а Швецыя штогод выдзяляе дзесяткі стыпендыяў для беларусаў у межах праграмы “Вісбю” – фактычна, даплачвае студэнтам за вучобу на бакалаўраўскай, магістарскай ці доктарскай праграмах. Але нават калі дзесьці льготнага рэжыму няма, то беларусам ніхто не забараняе спаборнічаць за стыпендыі для замежнікаў разам з карэйцамі, аргентыцамі ці македонцамі – такіх праграмаў у Еўропе сотні.

Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі піярыла новую праграму “Эразмус+”, Нямецкая служба акадэмічных абменаў знаёміла маладых людзей з магчымасцямі каротка- і доўгатэрміновых стажаванняў у нямецкіх універсітэтах, Шведскі цэнтр распавядаў пра магчымасці вучыцца ў скандынаўскіх краінах. Беларускія абітурыенты маглі даведацца пра адукацыю і падрыхтоўчыя курсы ў Славаччыне, Польшчы, Балгарыі, Вялікай Брытаніі ды Фінляндыі.

Італьянская амбасада не толькі рэкламавала свае акадэмічныя асяродкі, але і правяла лекцыю пра старажытныя італьянскія традыцыі ды сучасны інтэр’ер для тых, хто вывучае архітэктуру і дызайн, быццам паступленне – справа вырашаная. Арыгінальны крок зрабіла і французская амбасада, зладзіўшы ў адной з аўдыторыяў ММАЦ уводны ўрок французскай мовы.

Еўропа стабільна старэе і расчароўваецца ў вышэйшай адукацыі як такой. Магчыма, выйсці з крызісу Падуі ды Гайдэльбэргу дапамогуць беларускія студэнты.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў