Вырашаецца будучыня: сёння пачынаюцца выбары ў Еўрапарламент


Дзяржавы – чальцы Еўразвязу выберуць 751 дэпутата на пяць гадоў. Аналітыкі прадракаюць крызіс еўразоны.

Сёння еўрапейскія краіны пачынаюць выбіраць сваіх прадстаўнікоў ў Еўрапарламент. Першыя прагаласуюць жыхары Нідэрландаў і Злучанага Каралеўства. У Вялікай Брытаніі праходзяць у той жа час мясцовыя выбары. У большасці краінаў ЕЗ, разам з Польшчаю, еўравыбары адбудуцца ў апошні дзень галасавання – нядзелю.

На працягу чатырох дзён каля 400 мільёнаў жыхароў 28 еўрапейскіх краінаў маюць абраць 751 новых еўрадэпутатаў. Дзяржавы – чальцы ЕЗ маюць рознае прадстаўніцтва ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. Найбольш дэпутатаў абяруць у Нямеччыне (96), Францыі (74), а таксама ў Вялікай Брытаніі ды Італіі (па 73). Маленькія краіны (Кіпр, Мальта, Эстонія і Люксембург) дэлегуюць шэсць абраннікаў кожная.

Упершыню разам з выбарамі еўрачыноўнікаў будзе абраны і новы кіраўнік Еўрапейскай камісіі. Некаторыя медыі ўжо называюць імя магчымага будучага кіраўніка Еўракамісіі, якім можа стаць былы прэм’ер-міністр Люксембургу Жан-Клёд Юнкер. Ягоным галоўным канкурэнтам лічыцца прадстаўнік левых сілаў – лідар Партыі еўрапейскіх сацыялістаў Марцін Шульц.

Палітолагі адзначаюць, што сёлета найбольшае падтрыманне будуць мець правыя партыі, якія выказваюць скептыцызм і незадаволенасць палітыкаю еўрачыноўнікаў ды іхнымі метадамі барацьбы з крызісам. Гаворка ідзе як пра нежаданне пашыраць Еўразвяз і падтрымліваць інтэграцыю з Усходняй Еўропаю, так і незадаволенасць еўрапейскаю вонкаваю палітыкаю ў дачыненні сітуацыі ва Украіне.

Як піша “The Washington Post”, нягледзячы на асуджэнне расейскай агрэсіі, калі галоўнае падтрыманне здабудуць радыкалы і папулісты, выйграе Пуцін – ультраправыя адкрыта падтрымліваюць кіраўніка Крамля.

Тым часам аналітыкі прагназуюць нізкую яўку і жартуюць, што перамогу атрымае партыя “Сяджу дома”. Еўракамісія вырашыла змагацца з ігнараваннем выбараў новаўвядзеннем, запусціўшы дзясяткі вірусных ролікаў. Да ўдзелу заклікае нават барадатая пераможца “Еўрабачання” Канчыта Вурст у сваім “Тўітэры”, піша “Euronews”.

{movie}Вірусны ролік And then came a lot of sheep|right|16553{/movie}

{movie}Вірусны ролік We are not sexy and we know it – European Elections Campaign|right|16554{/movie}

{movie}Вірусны ролік Happy Voting|right|16555{/movie}

Вынікі абвесцяць у нядзелю пасля 23.00, па закрыцці апошніх выбарчых участкаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў