Крывавы бізнес


Чалавечыя органы і кроў на экспарт. Гэткую новую магчымасць прыцягнення дэфіцытнай валюты прыдумалі ўлады Беларусі. Паводле апошніх звестак Белстату, сёлета экспарт органаў павялічыўся ў сотні разоў. Куды ж і па якіх коштах прадаюцца часткі цела беларусаў?

Больш за 200 тонаў чалавечай крыві. Гэткі рэкордны ўраджай сабралі летась ад донараў беларускія станцыі пералівання крыві.

{movie}Крывавы бізнэс (21.04.14) |right|16551{/movie}

ІГАР КАВАЛЕНКА, ТАВАРЫСТВА ДОНАРАЎ:
“Узнікае пытанне: навошта столькі крыві Беларусі? Няма ніякіх тэхнагенных катастрофаў, няма масавых стратаў крыві”.

Верагодны адказ даюць абнародаваныя сёння звесткі Белстату аб экспарце тавараў у першым квартале. Экспарт крыві павялічыўся ўдвая – пераважна ў Расею. Праўда, адпаведны артыкул у Белстаце аб’ядноўвае чалавечую кроў з жывёльнаю. Але пра экспарт менавіта людской плазмы ўлады вядуць гаворку ўжо даўно. Заканадаўчую базу для гэтага Палата прадстаўнікоў ухваліла яшчэ ў 2010 годзе, матывуючы гэта тым, што донарскай крыві ў Беларусі хапае, але магчымасцяў для яе перапрацоўвання бракуе. Таму, на першы погляд, перапрацоўваць яе за мяжою мае сэнс. Але…

ІГАР КАВАЛЕНКА, ТАВАРЫСТВА ДОНАРАЎ:
“Наколькі мне вядома, у Расеі няма заводаў, якія перапрацоўваюць кроў ці плазму на шосты-сёмы фактар. Лекі, якія вельмі патрэбныя ў Беларусі, бо ў нас шмат дзяцей, хворых і на гемафілію, і на лейкемію”.

Іншымі словамі, кроў, верагодна, пастаўляецца не на перапрацоўванне, а менавіта на продаж. Пра тое, хто на гэтым зарабляе, дзяржава ці прыватныя фірмы, Міністэрства аховы здароўя каменара не дало, а ў адкрытым доступе гэтых звестак няма. Між тым, бізнес гэты, відавочна, неблагі, улічваючы, што сыравіна для экспарту напалову цяпер збіраецца бясплатна.

Сёлета міністэрства аховы здароўя аплочвае толькі палову донарскай крыві, а другую прыцягвае ад добраахвотнікаў. Праўда, метады прыцягнення добраахвотнікаў – своеасаблівыя.

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, СТАНЦЫЯ ПЕРАЛІВАННЯ КРЫВІ (МАГІЛЁЎ):
“У кожнай установе заклік, якую колькасць дармовых донараў яны мусяць даць. Гэта медычныя ўстановы ў першую чаргу, гэта міліцыя і вайскоўцы, студэнты”.

Між тым, прадаўшы напаўбясплатнай беларускай крыві ў Расею ў першым квартале на паўмільёна долараў, Беларусь імпартавала плазмы паводле гэтага ж артыкулу ў трыццаць разоў болей з Еўразвязу. Людзі да такой эканомікі ставяцца неадназначна.

ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:
“Для таго, каб зарабіць грошы дзесьці злева. А нашыя людзі паміраюць у Беларусі”.
“Я не ўпэўнены, што ўсім нашым хапае”.
“Хай прадае, дапамагаем людзям значыць. Нармальна. А вось наконт органаў – не ведаю…”

Рэч у тым, што калі збор крыві бывае прымусовым толькі дзе-нідзе і неафіцыйна, органы памерлых выразаюцца для перасадкі заўсёды, акрамя выпадкаў, у якіх чалавек або ягоныя блізкія напішуць супраць гэтага фармальны пратэст. Адпаведны закон, прыняты ў 2007 годзе, дазволіў павялічыць колькасць транспарталагічных аперацыяў у Беларусі. Вось толькі сёлета на продаж пачалі вывозіць і органы. У параўнанні з першым кварталам мінулага году іх экспарт павялічыўся ў чатырыста сорак разоў: з трыццаці двух кілаграмаў – да чатырнаццаці тонаў.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў