Як разбагацець на хакеі


Праблема пакупкі квіткоў на запаветныя матчы чэмпіянату свету стала больш актуальная, чым пытанне размяшчэння і транспарту.

Чэмпіянат свету па хакеі пераваліў за медыум. Чым бліжэй да канца, тым хутчэй расце попыт на квіткі, стаўшыя сапраўдным дэфіцытам. На некаторыя матчы, сярод іх паўфіналы, фінал і ўсе гульні зборных Беларусі ды Расеі, квіткоў у касах больш няма – купіць іх можна толькі з рук.

Таму аматарам спорту, якія спазніліся, даводзіцца пераплочваць. На чорным рынку праз хвалю ажыятажу перакупнікі завышаюць кошты ў дзесяць разоў. Некаторыя спекулянты «аддаюць у добрыя рукі» квіткі оптам, 6 матчаў – за $ 750. Часам кошты дасягаюць і $ 1500. Гэткіх прапаноў шмат на форумах ды іншых інтэрнэт-аўкцыёнах.

Аднак вартаўнікі парадку не спяць. У выніку аблавы фінансавая міліцыя затрымала жыхара Менску, які прапаноўваў 138 квіткоў на матч «Казахстан-Фінляндыя» за $ 1600.

Сярод спекулянтаў аказаліся і замежнікі. У поле зроку міліцыянтаў трапілі тры грамадзяніны Расеі, якія перад «Менск-Арэнаю» мелі намер зрэалізаваць 24 квіткі на $ 15–20 долараў вышэй за намінал.

Прадпрымальніцкая жылка вылезе спекулянтам бокам – ім пагражае адміністратыўная адказнасць і штрафы да Br 15 млн.

Тым часам у сацыяльных сетках у прыватных абмеркаваннях не раз з’яўлялася інфармацыя, што на некаторыя матчы рэальна трапіць бясплатна: або прыходзіць на другі перыяд, або наведваць «нятопавы» матч. Туды ахова пускае без квіткоў, каб не пуставалі трыбуны.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў