Новы сэрвіс для «палітычных»: замоў сабе перадачу


Затрыманні ды арышты сталі для беларусаў ужо настолькі звыклаю рэчаіснасцю, што нарадзіўся праект Posidelki.in. Стваральнікі сайту ўпэўненыя: сёння “на сутках” апынуцца можа кожны. “Без сумневаў можна сцвярджаць, што Беларусь даўно стала паліцэйскай дзяржаваю”, – кажацца ў раздзеле “Пра нас” на сайце.

Ідэя нарадзілася напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі – стваральнікі сайту не сумняваліся, што будуць затрыманні.

Мы абмяркоўвалі хуткі чэмпіянат, і хлопцы сталі жартаваць: калі іх як актывістаў прэвентыўна затрымаюць, што б яны хацелі атрымаць у перадачы. Вось тады і вырашылі зрабіць сайт, на якім кожны, хто думае, што можа быць затрыманы, зможа запоўніць анкету і пакінуць свае пажаданні наконт перадачы”, – распавёў “Белсату” сябра каманды Posidelki.in, які прадставіўся псеўданімам Enomiss.

Паводле арганізатараў праекту, на сайце каля двух дзясяткаў запоўненых анкетаў. Адну з іх давялося выкарыстаць, бо яе аўтара якраз затрымалі. “Астатнія пакуль замарожаныя, – кажа Enomiss. – І гэта добра!

«Запоўні анкету цяпер, каб скрасіць свае будні на сутках потым»

Праект датычыць тых, хто быў затрыманы і абвінавачаны беспадстаўна, грамадскіх і палітычных актывістаў. Асноўная функцыя сайту – даць магчымасць актывістам пакінуць свае пажаданні, спіс неабходных медыкаментаў і кантакты асобы, з якою можна звязацца ў выпадку затрымання. Стваральнікі сайту бяруць на сябе абавязак звязацца з гэтай асобаю.

Вашыя блізкія змогуць, апрача самых неабходных рэчаў, перадаць вам менавіта тое, што вам патрэбна, каб скрасіць будні ў спецпрыёмніку” – гэтак рэкламуе свой праект каманда Posidelki.in.

На сайце ёсць лента навінаў, спісы затрыманых і тэрміны іхнага вызвалення. Таксама можна даведацца, як і хто можа насіць перадачы, якія правы мае затрыманы і абвінавачаны ў адміністратыўным парушэнні.

На поўную сілу Posidelki.in запрацуе перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе

“Мы мяркуем, што праект яшчэ запрацуе на поўную сілу, ужо пасля чэмпіянату па хакеі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе”, – падзяліўся Enomiss “творчымі планамі”.

“І ўсё ж такі мы спадзяемся, што наш праект трапіць у разрад гумарыстычных, і вашым блізкім не прыйдзецца выкарыстоўваць вашага “ліста пажаданняў”. Паводзьце сябе адэкватна, не лайцеся матам, не махайце рукамі”, – зычыць усім наведнікам сайту каманда Posidelki.in. Дэвіз жа каманды – “Усіх не перасаджаць!”.

Цяпер за кратамі – 17 вязняў чэмпіянату па хакеі

Паводле Posidelki.in, цяпер у зняволенні 17 чалавек, затрыманых з 28 красавіка да 17 траўня.

Актывістаў асудзілі на тэрміны ад 5 да 25 дзён. Працягнуліся затрыманні і падчас чэмпіянату. Паводле праваабаронцаў, актывістаў затрымліваюць паводле аднатыпных абвінавачанняў у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі. Гэтыя затрыманні звязаныя з імкненнем уладаў ізаляваць апазіцыйных актывістаў на час чэмпіянату свету па хакеі.

Апрача таго, на сённяшні дзень за кратамі ў Беларусі застаюцца 8 зняволеных з палітычных матываў, прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў