Беларусь разлічвае на майстар-клас ад кітайскіх эканамістаў і расейскі крэдыт


Урад Мясніковіча хоча атрымаць экспертнае падтрыманне Кітаю ў пытаннях рэфармавання эканомікі, чакае папаўнення золатавалютных рэзерваў і спадзяецца на дапамогу Крамля.

«Мы разлічваем на сур’ёзны і канструктыўны абмен меркаваннямі, а таксама экспертнае падтрыманне нашых кітайскіх сяброў», – заявіў сёння падчас беларуска-кітайскага семінару па сацыяльна-эканамічным развіцці намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка.

Галоўнае, чаму варта вучыцца ў Кітаю, – гэта паступовасць правядзення рэформаў без выкарыстання метадаў шокавай тэрапіі (комплекс радыкальных захадаў для рэфармавання планавай эканомікі, які шырока ўжываўся на пачатку 90-х урадамі Польшчы, Расеі ды некаторых іншых краінаў былога СССР. – belsat.eu), заўважыў прадстаўнік беларускага Міністэрства эканомікі.

Пра неабходнасць рэформаў, у прыватнасці, беларускага прамысловага сектару, заявіў сёння кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч: «Міністэрства прамысловасці імкліва страчвае пазіцыі: яго доля ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці зніжаецца». Неабходна «тэрміновае комплекснае выпраўленне сітуацыі», заявіў кіраўнік ураду і даручыў свайму першаму намесніку, Уладзіміру Сямашку, арганізаваць адпаведную працу.

Падчас сённяшняй нарады Міхаіл Мясніковіч пацвердзіў планы ўраду Беларусі атрымаць крэдытны транш ад Расеі памерам $ 2 млрд. Са словаў кіраўніка ўраду, фінансавая дапамога з Масквы мае прыйсці яшчэ ў гэтым месяцы. Крэдытныя сродкі пойдуць на папаўненне золатавалютнага рэзерву Беларусі, які толькі за мінулы месяц скараціўся на $ 240 млн.

На 1 траўня золатавалютны рэзерв склаў $ 5477 млн.

Мясніковіч хоча рэанімаваць вёску. Чакаем новую хвалю «прыпісак»?

ЮВ, belsat.eu, interfax.by

Стужка навінаў