Бабруйчане хочуць стварыць музейную экспазіцыю пра палітвязняў Беларусі


Яна стане часткаю адроджанага Музею ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, першая экспазіцыя якога адкрылася ў Бабруйску 19 траўня.

Аднавіць Музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў прапанавала бабруйская актывістка Вольга Піманава яшчэ летась увосень, на вечарыне памяці ахвяраў рэпрэсіяў. Яна ж збірала матэрыялы і рыхтавала экспазіцыю.

{movie}Музей ахвряаў рэпрсэсіяў у Бабруйску. Відэа “Бабруйскі кур’ер”|right|16517{/movie}

На адкрыцці музею спадарыня Піманава правяла першую экскурсію па экспазіцыі, распавяла пра месцы ў Бабруйску, дзе ў 30-я гады ХХ стагоддзя праходзілі масавыя расстрэлы, пра лёсы выбітных і самых звычайных бабруйчан – ахвяраў рэпрэсіяў.

Музей патрэбны, бо палітычны пераслед зноў стаў нашаю рэчаіснасцю

Вольга Піманава зазначае, што даўно хацела аднавіць Музей ахвяраў рэпрэсіяў, каб ушанаваць іхную памяць.

«У Бабруйску цяпер ніхто гэтым не займаецца. А я хачу, каб людзі маглі атрымаць інфармацыю, даведацца, каб прыходзілі, бачылі гэтыя экспанаты, фотаздымкі, і казалі: які жах, якое вар’яцтва! Гэтага не мусіць быць ніколі ў жыцці, і ніколі не мусіць паўтарыцца!»

Актывістка мяркуе, што аднаўленне Музею палітычных рэпрэсіяў сёння – не выпадковая і даўно наспелая справа: «Ужо колькі гадоў як палітычны пераслед зноў стаў нашаю рэчаіснасцю. А тое, што робіцца сёння ва Украіне… І правакуецца гэта ўсё зноў Расеяй, як і сталінскія рэпрэсіі ў свае часы. Гэты музей – папярэджанне нам, каб тое, што было, не паўтарылася».

Госць прэзентацыі Уладзімір Раманоўскі, прадстаўнік міжнароднай арганізацыі «Мемарыял» у Беларусі, падараваў новаму музею кнігі на тэму палітычных рэпрэсіяў.

«Такі музей мае існаваць, бо гэта тое, што складае нашую трагічную памяць. Бо калі гісторыя забываецца, яна паўтараецца, – зазначыў спадар Раманоўскі. – Такі музей мусіць кампенсаваць тыя недахопы адукацыйнай сістэмы, што мы сёння маем, якая, фактычна, ліквідуе сапраўдную гісторыю, бо сёння ў нас, і ў Расеі, на дзяржаўным узроўні наследуецца палітыка Савецкага Саюзу».

Паўстане экспазіцыя пра палітвязняў сучаснай Беларусі

Рэдактар газеты «Бабруйскі кур’ер» Анатоль Санаценка прапанаваў пашырыць часавыя межы экспазіцыі да сённяшніх дзён, бо «і сёння ў нас хапае рэпрэсаваных, палітвязняў».

Падтрымала гэтую думку Таісія Кабанчук, каардынатарка БХД па Бабруйску, унучка рэпрэсаваных сталінскай сістэмаю. «Гулаг у Беларусі ёсць і сёння. І сёння сядзяць палітвязні. Давайце створым экспазіцыю і пра іх, пакажам наведнікам, што сёння адбываецца ў нас».

Наведнік: Абавязкова прывяду сюды сяброў

«Добрую справу зрабілі, – мяркуе Арсеній, што прыйшоў на адкрыццё экспазіцыі. – Я даведаўся падчас прэзентацыі шмат новага. Я абавязкова прывяду сюды сяброў, каб і яны пабачылі і даведаліся, бо гэтага нельга забываць».

Музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў быў створаны ў Бабруйску ў 1995 годзе. За ўвесь час існавання ён не атрымаў ніякага падтрымання ні ад гарадскіх, ні ад рэспубліканскіх уладаў. У 2001 годзе дырэктарку музея Ганну Бокач адхілілі ад кіравання бабруйскім аддзяленнем Беларускай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Неўзабаве бабруйскае аддзяленне перастала існаваць, а ў 2007 годзе экспазіцыя музею была вывезеная з Бабруйску. Частка яе, паводле некаторых звестак, можа быць у музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

{movie}Вольга Піманава запрашае далучыцца да аднаўлення Музею рэпрэсій|right|16518{/movie}

Вольга Піманава запрашае ўсіх ахвотных далучацца да аднаўлення музея і шукаць страчаныя фонды, а таксама просіць дапамогі ў тых, хто мае нейкія матэрыялы, што датычаць рэпрэсаваных беларусаў, можа падзяліцца сямейным архівам ці ўласнымі ўспамінамі.

Новаствораная экспазіцыя Музею ахвяраў палітычных рэпрэсіяў размясцілася ў бабруйскім офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, адрас якога: г. Бабруйск, вул. Кастрычніцкая, 173А.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў