Друкарскі станок


Эканоміка Беларусі расце другі месяц запар. Валавы ўнутраны прадукт, які яшчэ напачатку года паглыбляўся ў мінус, працягвае дэманстраваць нечаканы скачок, пра што сведчаць апошнія звесткі Белстату. З чым звязаныя такія імклівыя змены і да чаго яны могуць прывесці?

Улады разганяюць да ўпору і так перагрэты рухавік эканомікі. Гэтак каментуюць эксперты апошнія звесткі Белстату аб рэзкім паскарэнні росту ВУП за апошнія месяцы.

{movie}Друкарскі станок (19.05.14)|right|16516{/movie}

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ЧАСОПІС «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:
“Мяркуючы з усяго, сакавіцкі цуд – гэта дакладна ільготнае крэдытаванне. Аб’ёмы выраслі вельмі істотна. Не толькі новыя, але, мяркуючы з усяго, ільготнымі сталі старыя крэдыты”.

Дзякуючы крэдытным уліванням эканамічны рост пасля двухмесячнага паглыблення ў мінус па выніках студзеня–красавіка выскачыў больш як на адзін адсотак у плюс, а дзяржпрадпрыемствам удаецца ўтрымліваць узровень заробкаў. Але ільвіная частка дадаткова вырабленыя тавары ўсцяж асядаюць сярод складскіх запасаў, якія зноў складаюць больш за 8 адсоткаў месячнай прадукцыі.

Грошы ж, улітыя гэткім чынам у эканоміку, раскручваюць махавік інфляцыі, якая ўжо па выніках кварталу складала больш за шэсць з паловай адсоткаў – у паўтара-два разу абганяючы іншыя краіны СНД. А цяпер, паводле экспертаў, паскараецца яшчэ хутчэй.

СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, АНАЛІТЫК:
“Зараз са статыстыкі бачна, што яна, хутчэй за ўсё, паскараецца. І гэта знаходзіць сваё пацверджанне, у тым ліку, у паскораным росце грашовых агрэгатаў, у росце асабліва наяўных сродкаў на руках насельніцтва”.

Абарот гэтых надрукаваных грошай з кожным месяцам узмацняе ціск на курс нацыянальнай валюты, які ўлады пакуль стрымліваюць, марнуючы золатавалютныя рэзервы.

Не меншую пагрозу дэвальвацыі стварае і Нацбанк, зніжаючы адсоткавыя стаўкі на ўсім фінансавым рынку. Сёння рэгулятар знізіў на адзін адсоткавы пункт стаўку рэфінансавання, што, як чакаецца, пацягне ўніз і стаўкі паводле крэдытаў і дэпазітаў. Эксперты папярэджваюць: вынікам такой палітыкі могуць стаць уцёкі ад рубля фізічных асобаў.

СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, АНАЛІТЫК:
“Апошнія дзеі Нацбанку для зніжэння стаўкі праходзяць у вельмі няўдалы момант. У той момант, калі насельніцтва, бачачы, што інфляцыя пачынае расці, каб трымаць сродкі ў беларускіх рублях, хацела б бачыць прыбытковасць на дэпазітах большую, чым цяпер. А яна будзе меншая. То бок, у выніку сваймі дзеяннямі Нацбанк можа справакаваць гэткую міні-паніку – сыход з беларускага рубля”.

Але ўлады на гэтую рызыку вымушаныя ісці, бо за хвалю ільготнага крэдытавання ўрад аплочвае банкам розніцу паміж рынкавымі стаўкамі ды ільготнымі. А сродкаў на гэтыя мэты ў бюджэце сёлета амаль утрая меней, чым летась. У выніку, мяркуюць эксперты, урад, каб схаваць крызісныя з’явы ад насельніцтва, пайшоў ва-банк, спадзеючыся дацягнуць да магчымай фінансавай дапамогі Крамля.

УЛАДЗІМІР АРЦЮГІН, ЧАСОПІС «ВАЛЮТНОЕ РЕГУЛИРОВАНИЕ И ВЭД»:
“Калі ж гэтыя абяцаныя два мільярды долараў ад Расеі з нейкай прычыны зацягнуцца, пры працягу палітыкі (я не буду казаць, што паўтарэння адзінаццатага года) балансуем мы на мяжы чарговага крызісу”.

Праўда, 9-га траўня Лукашэнка заяўляў, што пытанне аб крэдыце нібыта развязанае. Але аналагічныя заявы кіраўніка краіны гучалі і адносна двухмільярднага расейскага крэдыту ў 2012-м годзе або кітайскага – у 2013-м, якія гэтак ніколі і не зматэрыялізаваліся.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў