28 траўня мае адбыцца суд над Алесем Залеўскім


Суд у справе штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткаю якога ёсць «Белсат», мае адбыцца ў сераду ў Карэліцкім раённым судзе. Пра гэта карэспандэнту праз тэлефон паведамілі працаўнікі суда.

Ніякай позвы Алесь Залеўскі не атрымліваў. Паводле журналіста, у панядзелак на мабільны тэлефон ён атрымаў тэлефанаванне з Карэліцкага раённага суда Гарадзенскай вобласці пра тое, што заўтра аб 11 гадзіне там будзе разглядацца адміністратыўны пратакол у дачыненні журналіста. Пасля з’явілася інфармацыя, што суд перанеслі на 28 траўня.

Залеўскаму паведамілі, што калі ён не прыйдзе ў суд, яго туды прывязуць міліцыянты. Сам журналіст упершыню чуе пра нейкую справу супраць сябе. Яго ніхто не знаёміў ні з якімі пратаколамі. Ён не атрымліваў якіх-кольвек позваў у міліцыю ці суд.

«Калі мяне абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі паводле адміністратыўнага артыкулу 22.9, то міліцыянты павінны былі хоць бы выклікаць мяне для складання пратаколу і ўзяць тлумачэнні. Нічога гэтага зробленае не было», – распавёў Алесь прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

4 красавіка «за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі» таксама ў Горадні на 30 базавых велічыняў аштрафавалі сябру ГА «БАЖ» Алеся Дзянісава.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў