Гэта няпраўда, што беларусы – нацыя алкаголікаў


Галоўны нарколаг Беларусі зняпраўджвае інфармацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, паводле якой сярэднестатыстычны беларус выпівае за год 17,5 л спірту.

Статыстыку міжнароднай арганізацыі аспрэчыў у эфіры Першага нацыянальнага тэлеканалу прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў. Паводле яго, Сусветная арганізацыя аховы здароўя выкарыстала звесткі за 2008–2010 гады. «І я б сказаў, што мы не першыя паводле ўзроўню спажывання алкаголю. Мы ўваходзім дзесьці ў дваццатку краінаў. Афіцыйная статыстыка кажа, што ў нас спажыванне алкаголю – 11,14 л на душу насельніцтва. У параўнанні з 2012 годам ідзе зніжэнне спажывання на 11,2 %», – цытуе галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя БелТА.

Справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўтрымлівае звесткі пра 194 краіны. У параўнанні з усімі рэгіёнамі свету самая пітушчая – Усходняя Еўропа.

У сярэднім кожны чалавек ва ўзросце 15 гадоў і больш выпівае 6,2 л чыстага спірту штогод. Жыхары Беларусі пабілі гэты паказнік амаль утрая. З 17,5 л за год яны заваявалі пальму першынства сярод самых алкагалізаваных нацыяў. Прычым беларусы выпіваюць за год 27,5 л, а беларускі – 9,1 л чыстага спірту, – гаворыцца ў справаздачы.

Ці беларусы сапраўды самая пітушчая нацыя і колькі можна выпіць без шкоды для здароўя? З такім пытаннем журналісты «Белсату» выйшлі на вуліцы Пінску.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары