STARавіны. Музычна-спеўнае жыццё


Афіша стогадовай даўніны. Канцэрты, музыка, куміры пачатку мінулага стагоддзя.

У той далёкі час – сто гадоў таму – развівалася шматбаковае музычнае і спеўнае жыццё. Яно было на розны густ і розныя масы насельніцтва. Для гэтак званага «простага народу» ў Берасці-Літоўскім у ліпені 1913 года з 21:00 у суботы, нядзелі, аўторкі, чацвяргі і святочныя дні ў садзе Шапавалава праводзіліся канцэрты пры ўдзеле вядомых спевакоў, куплетыстаў, танцаўнікоў, з 18:00 да 0:00 граў вайсковы аркестр («Наш край», № 49, с. 1). У магілёўскім гарадскім садзе адбываліся гулянні пры аркестры вайсковай музыкі (МВ, 1913, 4(17)). На адкрытай сцэне быў пастаўлены дывертысмент-гала пры ўдзеле віртуоза на мандаліне і балалайцы Г. Ушакова, маладой танцаўніцы мадэмуазель Юліі, дуэцістаў ды інш. (МВ, № 156, с. 3).

Салідная публіка хадзіла на канцэрты музыкаў і спевакоў, оперу. Штотыднёвы часопіс «Придвинский край» паведамляў, што ў студзені 1913 года ў Віцебску адбыўся канцэрт артысткі М. Карынскай, якая на біс спела песні з цыганскага рэпертуару: «Кахаць усё немагчыма», «Чайка», «Гора ямшчыка», «Жабрачка» Бэранжэ ды інш. (№ 2). «Могилёвский вестник» нагадваў чытачам пра сімфанічны канцэрт вялікага аркестру (60 чалавек) пад кіраўніцтвам спадара Ахшарумава, які ў межах Х канцэртавага турнэ выступіць у Магілёве 9 (22) сакавіка (МВ, 1913 г., № 52, с. 1).

У Магілёве выступалі шмат хто са знакамітых на той час артыстаў. 31 сакавіка 1913 года адбыўся канцэрт знакамітага скрыпача-саліста Імператарскай оперы М. Вольф-Ізраэля з удзелам піяніста В. Гамалея (МВ, № 61, c. 3). 26 кастрычніка 1913 года прайшоў канцэрт знакамітых артыстак – сясцёр скрыпачкі Наталлі і піяністкі Вікторыі Башко з Амерыкі, лаўрэатаў кансерваторыі Нью-Ёрку пры ўдзеле артысткі расейскай оперы М. Федотавай. На наступны дзень гледачы маглі пабываць на канцэрце улюбёніцы пецярбургскае публікі, вядомай выканаўцы рускіх народных песень і цыганскіх рамансаў М. Камаровай пры ўдзеле вядомай балерыны пецярбургскага балету М. Мураўскай ды піяністкі К. Грэн (МВ, № 229, с. 1). 15 (27) лістапада 1913 года ў Магілёўскім гарадскім тэатры адбыўся юбілейны канцэрт выхаванцаў Пецярбургскай і Маскоўскай кансерваторыяў у гонар 20-годдзя з дня смерці П. Чайкоўскага: два маладых віртуозы Абраша Эльвоў (раяль) і Міша Багуслаўскі (скрыпка), вакалісты Н. Замская (сапрана), І. Рапапорт (барытон), артыст расейскай драмы Карноў (меладыкламацыя) (МВ, № 249, с. 1).

Сённяшнім аматарам оперы, імаверна, будзе цікава даведацца, якім было іхнае ўлюбёнае мастацтва сто гадоў таму. Газеты паведамляюць, што ў Берасці-Літоўскім у тэатры Гарадскога саду 6 красавіка 1912 года адбыўся адзіны канцэрт вядомага артыста, прэм’ера А. Смірнова, пры ўдзеле артысткі расейскай оперы М. Барзакоўскай і піяніста П. Сіроты («Наш край», 1912 г., № 33, с. 1). Гарадскі тэатр у Горадні ў красавіку 1912 года прэзентаваў тры спектаклі італьянскай оперы братоў Гансалец: «Джаконда» ў 4 дзеях, муз. Панкіелі; «Жыдоўка» ў 5 дзеях, муз. Галеві; «Атэла» ў 4 дзеях, муз. Вэрдзі («Голос Белостока», 1912 г., № 99, с. 3).

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў