«Свята Бульбаша» – свята бульбы, беларусаў ці гарэлкі? (фота)


У беларускім гарналыжным комплексе «Сілічы» пад Менскам прайшло «Свята Бульбаша». Беларусы ехалі на фэст, як на сваё нацыянальнае свята, а замежнікі – як на фестываль гарэлкі «Бульбашъ». Завітаў на фэст і «Белсат».

«Бульбаш – гэта не крыўдна, бо ўсе мы – бульбашы»

«Акуніцеся ў атмасферу беларускай гасціннасці! Адведайце стравы і напоі нацыянальнай кухні!» – запрашала праграма фэсту. Мы пастанавілі пачаць з майстар-класу прыгатавання нацыянальных беларускіх страваў, які быў пазначаны ў праграме. Але ў рэстарацыі выявілася, што страва будзе толькі адна і вучыць гатаваць будуць дранікі. Але спачатку трэба дачакацца тэлебачанне ОНТ, якое вось-вось прыедзе.
На доўгачаканы майстар-клас запрашаў ансамбль «Крынічанька» з Маладзечна. «Свята Бульбаша – гэта нашае народнае свята! Ці пакрыўдзіцеся вы, калі нехта назаве вас бульбашом?» – звярталася да гасцей, якімі былі толькі журналісты ОНТ, жанчына з ансамблю і сама сабе адказвала: «Канечне ж, не! І я не пакрыўджуся, таму што ўсе мы – бульбашы!».
Потым гэтая ж жанчына для свайго ж ансамблю і для журналістаў ОНТ правяла экскурсію па кухні рэстарану, весела распавядаючы пра беларускія стравы.

«Шчодры беларускі пачастунак» пад «Москву златоглавую» і гарэлку «Бульбашъ»

Насупраць кухні запрашалі на дэгустацыю гэтых самых страваў, якая праходзіла на фоне вялізнага банера кампаніі «Бульбашъ». Кошт уваходу ў залу – Br 50 тыс.
«Заходзьце да нас у залу, і, калі хочаце, беларускае тэлебачанне нават здыме вас усяго за 50 тысячаў рублёў!» – гучала запрашэнне на дэгустацыю ад ансамблю «Руская душа». Гэты ж ансамбль суправаджаў дэгустацыю песняй «Москва златоглавая», а насупраць рэстарану стаяў вялізны «Ford Lariat» з расейскімі нумарамі і надпісам «Бульбашъ», каля якога ўсе здымаліся.
Дык, можа, «Свята Бульбаша» – гэта насамрэч свята кампаніі «Бульбашъ»?
«Усе супадзенні выпадковыя, – запэўніла нас арганізатарка фэсту Кацярына. – Назва «бульбаш» – гэта ад гастранамічных …беларусаў, ад іхнай любові да бульбы. Мы не крыўдзімся на гэта, мы смяемся, і ўвогуле прапануем вам на ўсё глядзець з пазітывам».
Паўсюль гучалі песні пра сапраўдных бульбашоў, ахвочыя нават маглі прайсці абрад прысвячэння ў бульбашы.

«Бульбаш? Ну, гэта ж гарэлка такая!»

Мы запыталі гасцей фэсту, якіх, дарэчы, было не гэтак шмат, ці ведаюць яны, што гэта ці хто гэта – бульбаш.
«Гэта, напэўна, нейкі кароль бульбы, – трохі задумаліся студэнткі Акадэміі мастацтваў. – А ўвогуле, якраз свята для беларусаў, бо мы ж бульбу найбольш ямо».
А вось славак Грэгар не ведае, што гэта за такі бульбаш, на свята якога ён прыйшоў: «Нехта мне тлумачыў, але я не памятаю. Мне тут падабаецца, люблю Беларусь і беларускія традыцыі».
«Вельмі тут падабаецца, весела, добра, што ладзяць такія святы. Назва – гэта нашая нацыянальная, родная назва, гэта бульба, наш галоўны пачастунак. І нікога гэта не абражае. Мы можам сказаць – мы бульбашы», – падзяліліся ўражаннямі Мікалай і Вера з Жодзіна.
Завітаў на «Свята Бульбаша» і Дзед Мароз з Белавежскае пушчы, які таксама лічыць сябе бульбашом, хоць размаўляе па-расейску. «Дзед Мароз старэйшы за Беларусь і беларускую мову разоў у 10, – патлумачыў ён сваю расейскамоўнасць. – Да таго ж, большасць гасцей, што да мяне прыязджаюць, размаўляюць па-расейску. Вось я і пастанавіў размаўляць па-расейску да таго часу, пакуль большасць гасцей не стануць беларускамоўнымі».
«Бульбаш? Ну, гэта ж гарэлка такая! А што яшчэ – не ведаю, распавядзіце мне», – адказаў на пытанне Андрэй з Вільні.
Пра гарэлку ўзгадалі і госці з Ірану Мілят і Махбіе: «Бульбаш – гэта піва ці гарэлка такая тут прадаецца, ці не?».
Дык што ж за свята прайшло ў Сілічах?
Марына Маўчанава, belsat.eu
Стужка навінаў