Магілёў можа прэтэндаваць на званне гораду з найгоршымі дарогамі ў Беларусі


80 % дарог Магілёва эксплуатуецца з міжрамонтным пратэрмінаваннем: дарожнае пакрыццё цалкам трэба змяняць на кожнай пятай вуліцы.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі падлічыў, што з цяперашнімі тэмпамі рамонту дарог у Магілёве дарожнікі будуць рамантаваць пакрыццё на адной вуліцы раз на 30 гадоў. Пры тым, што гарантыйны тэрмін службы дарогі складае 12 гадоў.

На паседжанні магілёўскай ініцыятывы «Грамадскі магістрат» Пётр Мігурскі зазначыў, што шмат якія з вуліцаў абласнога цэнтру гэтак і не аформленыя актамі прыёму ў эксплуатацыю пасля будаўніцтва, рэканструкцыі ды капітальнага рамонту праз недаробак. Адною з галоўных прычынаў незавершанасці рэканструкцыі ды капітальнага рамонту магілёўскіх вуліцаў ёсць недастатковае фінансаванне, якое раней ажыццяўлялася за кошт дарожных фондаў, цяпер скасаваных.

«Сёння чыноўнікі спрабуюць развязаць праблемы фінансавання за кошт аўтаўласнікаў. У прыватнасці, з 1 студзеня ў сувязі з неабходнасцю пошуку дадатковай мэтавай бюджэтнай крыніцы фінансавання выдаткаў у будаўніцтве і рэканструкцыі аўтамабільных дарог у РБ увялі дзяржаўны падатак за выдаванне дазволу на допуск транспартавага сродку да ўдзелу ў дарожным руху», – адзначыў эканаміст.

Адмыслоўца зазначыў, што ў цэлым па краіне паступленні ад дзяржпадатку складуць Br 1,6 трлн, паступленні ў абласны бюджэт Магілёўскай вобласці – Br 100 млрд, Магілёву плануюць пералічыць 23 % (Br 23 млрд). Аднак эканаміст апасаецца, што кіраўніцтва абласнога выканкаму можа пераразмеркаваць не на карысць абласнога цэнтру прыбыткі ад падатку, прыняўшы праграму «Дарогі Магілёўшчыны», што яшчэ больш пагоршыць стан дарожнага пакрыцця ў Магілёве.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары