У сепаратыстаў праблемы: банды не падпарадкоўваюцца, мясцовыя ваяваць не хочуць


Адзін з кіраўнікоў украінскіх сепаратыстаў Ігар Гіркін расчараваны тым, што мужчынскае насельніцтва Данбасу не ідзе запісвацца ў іхнае войска. Ягоны намеснік на мянушку Абвэр прызнаў, што ўзброеныя банды не падпарадкоўваюцца кіраўніцтву самаабвешчанай Данецкай рэспублікі.



Расейскі дыверсант Ігар Гіркін на мянушку Стралок запісаў зварот да жыхароў Данбасу. Ён заявіў, што цяпер прымае да свайго войска і жанчын, бо расчараваны нізкаю актыўнасцю мужчынскага насельніцтва, а асабліва – афіцэраў: «Ніяк не чакаў, што ўва ўсёй вобласці не знойдзецца і тысячы мужчынаў, гатовых рызыкаваць жыццём не ў сябе ў горадзе, а на перадавой, дзе кожны дзень страляюць».

Паводле яго, большасць «апалчэнцаў» – мужчыны ва ўзросце за 40, а маладыя «навабранцы» прыязджаюць толькі дзеля таго, каб атрымаць зброю, а потым уцякаюць. «Ужо больш за месяц як мы, маленькая група добраахвотнікаў з Расеі ды Украіны, пачуўшы заклікі аб дапамозе, прыбылі сюды і са зброяй у руках супрацьстаім усяму украінскаму войску», – заявіў Гіркін.

{movie}Зварот Гіркіна|right|16498{/movie}

З заяваю для прэсы выступіў намеснік Гіркіна, баявік на мянушку Абвэр. Ён прызнаў, што на тэрыторыі Данбасу, апроч украінскага войска і сілаў сепаратыстаў, дзеяць іншыя ўзброеныя групы, якія нікому не падпарадкоўваюцца. Ён таксама папярэдзіў, што, паводле ягонай інфармацыі, украінскія сілавікі плануюць «зачыстку» Данецку. «Бачыць Бог, я не хацеў гэтае вайны ды не я яе пачынаў. І мне вельмі шкада, што ёсць ахвяры», – дадаў ён.

Паводле звестак групы «Інфармацыйны супраціў» падчас антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе загінулі 24 украінскія сілавікі, параненых – з 70. Што да ахвяраў у сепаратыстаў, лік можа ісці на сотні. Прадстаўнік «Інфармацыйнага супраціву» Дмытро Тымчук паведаміў, што баевікі плануюць вывезці целы забітых у Расею, «каб пазбегнуць ідэнтыфікацыі грамадзянаў Расеі і вайскоўцаў узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі». «Трупаў налічваецца некалькі сотняў», – паведамляе Тымчук.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў