Без вайны вінаватыя


Эканамічная частка Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінаю ды Еўразвязам можа быць падпісаная ўжо ў канцы чэрвеня. Пра гэта заявіў еўракамісар Штэфан Фюле. Тым часам узброеныя сепаратысты працягваюць цягнуць Украіну зусім у іншым кірунку і з задавальненнем распавядаюць пра свае крывавыя дасягненні.

Сонца ў Славянску ўстае пад гукі выбухаў і стрэлаў.

ЖЫХАРКІ СЛАВЯНСКУ:
“З 4-й гадзіны раніцы, дый яшчэ вечарам учора грымелі выбухі. Вельмі цяжка гэта ўсё пераносіць”.
“Страшна, асабліва тым, у каго маленькія дзеці. Вядома, баяцца”.

{movie}Без вайны вінаватыя (17.05.14) |right|16497{/movie}

У межах антытэрарыстычнай аперацыі ўкраінскія вайскоўцы падарвалі масіўную барыкаду на чыгунцы каля сяла Андрэеўка. Паводле Міністэрства абароны, украінскія ўзброеныя сілы цалкам кантралююць сітуацыю вакол Славянску. Аднак сам горад застаецца пад кантролем узброеных сепаратыстаў.

Саманазваны мэр Славянску страты вайскоўцаў падлічвае, не скупячыся на лічбы ды эпітэты.

ВЯЧАСЛАЎ ПАНАМАРОЎ, КІРАЎНІК СЕПАРАТЫСТАЎ, СЛАВЯНСК:
“Агульныя страты фашысцкай кіеўскай каральнай хунты з 2-га да 12-га траўня. Агулам – 650 забітых і параненых”.

У той жа час, паводле падлікаў групы “Інфармацыйны супраціў”, у сутычках загінулі 24 украінскія сілавікі. А іншы саманазваны лідар засведчыў малаколькаснасць і бяссілле сепаратыстаў.

ІГАР СТРАЛКОЎ, «ДАНЕЦКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА»:
“Прызнаюся шчыра, ніяк не чакаў, што на ўсю вобласць не знойдзецца і тысячы мужчынаў, гатовых рызыкаваць жыццём не ў сябе ў горадзе на суседняй з домам барыкадзе, адкуль паўдня ехаць на аўтамабілі да бліжэйшага нацыянальнага гвардзейца, а на перадавой лініі, дзе рэальна штодня страляюць”.

Сёння ў Макееўцы ды Луганску невядомыя ўзброеныя асобы стралялі па мірных жыхарах, у выніку адна асоба загінула і пяць былі параненыя. Генеральная пракуратура Украіны ўчора прызнала самаабвешчаныя Луганскую і Данецкую народныя рэспублікі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Кіеў з імі размаўляць не будзе.

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:
“Той, хто з аўтаматамі расстрэльвае людзей, не жадае міру для Украіны. Перамоваў з тэрарыстамі мы весці не збіраемся”.

Такую заяву ўкраінскі прэм’ер зрабіў на другім круглым стале нацыянальнага адзінства, які сёння распачаўся ў Харкаве. Тут абмяркоўвалі магчымыя змены ў Канстытуцыі, датычныя дэцэнтралізацыі ўлады.

ВАЛЕРЫЙ ГАЛЕНКА, СТАРШЫНЯ ЛУГАНСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ:
“Украіна павінна быць федэратыўнаю дзяржаваю. Прынамсі гэты статус мусяць атрымаць Луганская і Данецкая вобласці, а таксама расейская мова. Гэта сёння, на мой погляд, можа яшчэ захаваць Украіну ад развалу”.

Пра гатовасць дэцэнтралізаваць уладу і надаць адмысловы статус расейскай мове заявіў і ўкраінскі прэм’ер Яцэнюк.

У анексаваным жа Расеяй Крыме па-свойму клапоцяцца пра меншасці. Мясцовым татарам з нагоды 70-ай гадавіны дэпартацыі дазволілі акцыю толькі на могілках.

МУСТАФА ДЖАМІЛЕЎ, ЛІДЭР КРЫМСКАТАТАРСКАГА НАРОДУ:
“Мы спадзяемся, што высілкамі сусветнае супольнасці, кансалідацыі ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў Украіны, мы максімальна скароцім гэты акупацыйны рэжым”.

Сігнал гатовасці аказаць хуткую эканамічную дапамогу сёння прыйшоў з Еўразвязу. Паводле еўракамісара Штэфана Фюле, эканамічная частка асацыяцыі з Украінаю можа быць падпісаная нават 27-га чэрвеня.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў