Рэвалюцыя хіджабаў: валасы як закладнік ураду


Іранскія жанчыны зладзілі флэш-моб у сацыяльных сетках: замяшчаюць здымкі з непакрытаю галавою.

«Мая таемная свабода» – назва суполкі на старонцы ў «Facebook’у», дзе іранскія жанчыны выкладаюць здымкі сябе без хіджабаў.

Усе здымкі робяцца таемна. 35 гадоў таму ў Іране адбылася ісламская рэвалюцыя. З таго часу жанчынам забаронена выходзіць з дому з непакрытаю галавою. Парушэнне дрэс-коду караецца 70 ўдарамі бізуном, штрафам альбо двума месяцамі турэмнага зняволення.

Старонку стварыла вядомая сваёй крытыкаю ўраду Тэгерану іранская журналістка Масіх Алінеджад (Masih Alinejad). Жанчына жыве ў выгнанні ў Лондане і сцвярджае, што рух не мае дачынення да палітыкі. На ейную просьбу выкласці сэлфі без хіджаба адгукнуліся сотні суайчынніц. За два тыдні суполку ўпадабалі больш за 260 тысячаў чалавек – пераважна карыстальнікі з самога Ірану.

На здымках – мусульманкі на фоне розных пейзажаў: у полі, на моры ці ў гарах. Пад некаторымі – подпіс «Я ненавіджу хіджаб». Аднак, як прызналіся некаторыя, шмат хто з іх не супраць традыцыйнае хусткі. Галоўнае – супраць чаго ідзе змаганне: супраць забароны выбару быць тым, кім яны хочуць.

Небяспечная ініцыятыва вызвала бунт староннікаў традыцыйнага ўкладу жыцця. Людзі пачалі масава выходзіць на маніфестацыі з патрабаваннем зрабіць закон нашэння галаўнога ўбору у грамадскіх месцах больш жорсткім.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары