Алімпійцы і дэпутаты праігнаравалі велагонку «Заўзеем за нашых!»


Дзеля велагонкі адмыслова перакрылі дарожны рух, але мерапрыемства скончылася расчараваннем.

У трэцюю суботу траўня Беларусь адзначае Дзень работнікаў фізкультуры і спорту. Адміністрацыя Фрунзенскага раёну сталіцы з нагоды свята, а таксама чэмпіянату свету, які праводзіцца цяпер у Менску, зарганізавала велагонку пад лозунгам «Заўзеем за нашых!».

Яшчэ даабеда перакрылі вуліцу Прытыцкага на адрэзку ад вул. Сердзіча да вул. Жудро, унеслі змены ў працу грамадскага транспарту. Абвяшчалася, што ў турніры возьмуць удзел прызёры Алімпійскіх гульняў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы грамадскіх арганізацыяў, вучні ды творчыя калектывы. Але ані палітыкаў, ані творцаў заўважана не было, што расчаравала амаль ўсіх заўзятараў, якія прыйшлі паглядзець на дзяржаўных герояў.

Заезды праводзіліся асобна для мужчын і жанчын у трох катэгорыях: вучні сярэдніх адукацыйных установаў, працаўнікі заводаў і навучэнцы спартовых школаў. Менавіта апошнія надавалі падзеі спартовага духу: іхныя ровары не былі звычайныя раскладушкі, яны мелі камбінезоны і шлемы, а ваду пілі выключна з адмысловых бутэлек.

Тым не менш, менчукі не звярталі асаблівай увагі на велагоншчыкаў, бо літаральна за 50 м ад іх, на ганку Лядовага палацу паралельна праходзіла больш гучнае свята – з атракцыёнамі, салодкаю ватаю і дыскатэкаю, якая часам заглушала суседні велатурнір.

Гонка адбывалася больш за паўтары гадзіны, пераможцы атрымалі ганаровыя граматы, ніхто не пацярпеў.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў