ЕЗ гатовы падпісаць другую частку ўгоды пра асацыяцыю з Украінаю


Еўракамісар па пытаннях пашырэння Еўразвязу і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле заяўляе пра гатоўнасць ЕЗ падпісаць эканамічную частку пагаднення аб асацыяцыі з Украінай на саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краінаў-чальцоў 27 чэрвеня.

Пра гэта ён паведаміў на прэс-канферэнцыі ў адказ на пытанне журналіста: «Вядома , што Еўракамісія мае намер падпісаць 27 чэрвеня на саміце кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў-чальцоў ЕЗ пагадненне аб асацыяцыі з Малдоваю і Грузіяй, і, зыходзячы з гэтага, калі выбары прэзідэнта ва Украіне да таго моманту пройдуць паспяхова, наколькі рэальна, што Украіна таксама ў пазначаны дзень зможа падпісаць эканамічную частку пагаднення?».

На гэта Фюле сказаў наступнае: «Вельмі кароткі адказ: так, гэта менавіта так. Мы правялі перамовы аб асацыяцыі некаторы час таму, і пагадненне гатовае. Краіны-сябры выказалі свае пазіцыі гэтак жа як і Еўрапейскі парламент і Еўрапейская камісія заявілі аб сваёй пазіцыі, і таму далей ужо парламент Украіны і ўрад Украіны пасля прэзідэнцкіх выбараў павінны прымаць рашэнне, датычнае таго, якою далей будзе працэдура падпісання , і як гэта будзе зроблена» , – сказаў Фюле. Ён паўтарыў, што пытанне аб падпісанні эканамічнай часткі пагаднення ў цяперашні час залежыць толькі ад украінскага боку.

21 сакавіка Украіна і ЕС падпісалі палітычную частку пагаднення. Эканамічная частка ў вялікай ступені датычыць лібералізацыі гандлю паміж Украінаю і Еўразвязам. Са зместам пагаднення можна пазнаёміцца тут.

Першапачаткова падпісанне пагаднення аб асацыяцыі было запланавана на лістапад 2013 года, аднак тагачасны ўрад Украіны пад кіраўніцтвам Міколы Азарава заблакаваў гэтую ініцыятыву. Гэта стала прычынаю масавых пратэстаў, якія атрымалі назвау Еўрамайдан.

АК, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Глядзі таксама
Каментары