Інцыдэнты падчас чэмпіянату свету ў Менску


Беларусь адкрыла дзверы для гасцей Чэмпіянату свету па хакеі, але сістэма засталася зачыненай, а ўлады краіны працягваюць парушаць правы чалавека. Пра гэта беларускія праваабаронцы распавялі на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Варшаве, прысвечанай прававой атмасферы спартовай імпрэзы. Марцін Ярскі працягне тэму.

У Беларусі з правамі чалавека ўсё добра, палітвязняў няма, і пад арышт трапляюць толькі хуліганы. Прынамсі, так кажуць беларускія ўлады. У праваабаронцаў іншая інфармацыя, і публікаваць яе больш бяспечна з-за мяжы, каб ніхто з іх выпадкова не трапіў за краты.
{movie}Інцыдэнты падчас чэмпіянату свету ў Менску / прэс-канферэнцыя ў Варшаве |right|16476{/movie}
Прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага камітэту, праваабарончага цэнтру “Вясна” і Беларускай асацыяцыі журналістаў пры дапамозе сваіх польскіх калегаў распавялі пра тое, пра што маўчаць дзяржаўныя медыі, – парушэнні правоў чалавека, якімі адзначылася Беларусь падчас хакейнага чэмпіянату. Адно з самых відавочных – масавыя прэвентыўныя затрыманні па фальсіфікаваных адміністратыўных справах грамадскіх актывістаў. Лік якіх перавысіў тры дзясяткі. Шмат хто з дзеячаў апазіцыі хаваецца або выехаў з краіны, каб не трапіць на месяц у ізалятар.

ВОЛЬГА САЛАМАТАВА, ХЕЛЬСІНКСКІ ФОНД ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА:
“Перад самым чэмпіянатам пачынаюць затрымліваць людзей толькі дзеля таго, каб яны не сказалі лішняга слова, якое можа неяк паказаць Беларусь з больш рэальнага боку”.

Перад чэмпіянатам сябры і блізкія палітвязняў спадзяваліся, што хоць хтосьці з іх выйдзе з турмаў. Але нічога не змянілася, а на палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі за кратамі сталі ціснуць яшчэ больш.

АНДРЭЙ ПАЛУДА, ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР «ВЯСНА»:
“Перад чэмпіянатам у нас было 9 палітвязняў, а цяпер 8, адзін з іх, Гайдукоў, выйшаў на свабоду па тэрміне 8-га траўня. І ніяк на гэта не ўплываў чэмпіянат”.

Каб палепшыць свой імідж, улады на час хакейнага свята дазволілі журналістам-замежнікам працаваць без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў. З умоваю, што тыя будуць пісаць найперш пра спорт. Усё роўна гладка не атрымалася.

АНДРЭЙ БАСТУНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ:
“Было некалькі інцыдэнтаў, калі не дазволілі працаваць фінскай тэлевізійнай групе, калі затрымалі падчас відэаздымкаў групу радыё “Свабода”.

Але асабліва замінаць працы журналістаў у беларускіх спецслужбаў не было патрэбы. Бо асобы, непажаданыя для іміджу моцнай і квітнеючай Беларусі, былі прэвентыўна “зачышчаныя”.

Галоўная выснова маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вельмі простая і сумная. Нашая краіна, нягледзячы на чэмпіянаты, застаецца краінай несвабоднага свету.

Марцін Ярскі, Белсат, Варшава

Стужка навінаў