«Праблемы з сеткамі іншаземных партнёраў»: «адмазка» ці праўда?


Ужо трэці дзень карыстальнікі «ByFly’ю» маюць праблемы з доступам да інтэрнэт-старонак на замежных даменах, у тым ліку і да нашага сайту. «Белтэлекам» спасылаецца на праблемы з сеткамі іншаземных партнёраў і паведамляе, што вядзецца актыўная праца ў ліквідаванні праблемы. Аднак у беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў ды прафесіяналаў узнікаюць пытанні.
«Вось што за …?! Ці ў нас ужо Паўночная Карэя? 4-ы дзень не адкрываюцца «Белсат», «Радыё Рацыя» і шмат якія іншыя замежныя сайты!», – абураецца інтэрнэт-карыстальнік у «Facebook’у». «Тэстуюць новую тэхналогію», «Я так мяркую, рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў, бо нейкія недарэчныя «адмазкі», тыпу «Facebook» сам вінаваты», – пішуць іншыя інтэрнаўты.
«У адказе «Белтэлекаму» няма ніякіх звестак: ні прычынаў, ні вінаватых, ні колькі гэта будзе доўжыцца. Прэс-рэліз зроблены непрафесійна. Адказ – ні пра што: не вінаватыя мы, гэта ўсё ворагі», – дзеліцца меркаваннем адмыслоўца ў інтэрнэт-тэхналогіях Андрэй Падлубны. – Прэс-рэліз можа мець падставы. Напрыклад, блакаванне «Растэлекамам» нейкіх рэсурсаў і, адпаведна, блакаванне ў Беларусі. А можа быць і проста «адмазкаю». Магу дапусціць, што калі ў Польшчы ці ва Украіне няма праблемаў з «Facebook’ам», то і ў Беларусі не мусяць быць».
Нядаўна намеснік кіраўніка «Раскамнагляду» Максім Ксянзоў зрабіў заяву, што ў Расеі могуць заблакаваць «Facebook» і «Twitter», а таксама, што кіраўніцтва некаторых замежных інтэрнэт-кампаніяў не ідзе на кантакт з расейскімі ўладамі і «выкарыстоўвае інтэрнэт-карыстальнікаў як інструмент палітыкі». Праўда, сёння прэс-сакратар ведамства Вадзім Ампялонскі паведаміў тэлеканалу «Дождь», што заява Ксянзова – ягонае асабістае меркаванне.
Ці могуць заблакаваць сацыяльныя сеткі і замежныя сайты ў Беларусі? Што б з гэтага сталася? «Тэхнічна ўскладніць жыццё карыстальнікам можна, і гэтая працэдура нескладаная, – зазначае Андрэй Падлубны. – Аднак тэхнічна пісьменная частка карыстальнікаў заўсёды знойдзе магчымасць абысці забарону. Напрыклад, у Турцыі, дзе блакавалі «Twitter», «YouTube» і «Facebook», інструкцыі, як абысці забарону, хадзілі па руках». «Любыя забароны прывядуць да ўсплёску папулярнасці забароненых рэсурсаў. Гэта выдатная рэклама», – мяркуе інтэрнэт-тэхнолаг.
СП, belsat.eu
Стужка навінаў